Старонка:Асновы дзяржаўнасці Беларусі.PDF/9

Гэта старонка была вычытаная

больш дэмакратычныя элемэнты: на сялян і мяшчан, на астачы ніжэйшае праваслаўнае шляхты. З гэтае прычыны, — як гэта ня дзіўна, — апалячаваньне ў пачатку маскоўскага панаваньня зробіла вялікі крок упярод, бо маскоўскі ўрад пасьпеў ужо адапхнуць ад сябе ўсіх, хто быў пранікнуты беларускім нацыянальным духам. Праўда, імпэратар Мікалай I у 1839 гаду абвесьціў прымусовае прылучэньне уніятаў назад да праваславія, але гэты акт быў толькі новым гвалтам над людзкім сумленьнем і яшчэ больш настроіў народ проці маскоўскага ўраду. Дык і ня дзіва, што і ў 1831 і ў 1863 г. г. Беларускія землі крэпка паддзержавалі польскія паўстаньні. Да паўстаньняў прылучаліся ня толькі апалячаныя шляхоцкія элемэнты, але і людзі розных станаў, у тым ліку сяляне і рамесьнікі: бо тут справа йшла ня толькі аб адбудову Польшчы ў яе старых межах, але і аб вызваленьне з пад цяжкога маскоўскага панаваньня.

III.

Усе вышэйпісаныя факты — гэта формальная старана разьвіцьця нашае гаспадарсьцьвенасьці. З іх ясна відаць, што ў першых часох свае гісторыі Беларусь была асобным, незалежным князьствам, якое мела ўсе адзнакі гаспадарсьцьвенае сувэрэннасьці. У другі пэрыод — у часох злучэньня Беларусі з Літвой — гэтае злучэньне сьпярша мела форму фэдэрацыі Полацкага, Вітэбскага і Смаленскага князьства з князьствамі Віленскім і Троцкім — пад той час, як на іншых беларускіх землях яшчэ аставаліся удзельныя князі (Тураўска-Пінскія, Слуцкія, Мсьціслаўскія, Старадубскія і інш.), быўшія ў васальнай залежнасьці ад вялікага князя Віленскага. На тым, што злучэньне памянутых князств станавіла фэдэрацыю, годзяцца ўсе вучоныя. Але тагочасныя людзі разумелі гэную фэдэрацыю, як пэрсональную унію (еднасьць праз асобу гаспадара), пры каторай вялікі князь Літоўскі быў адначасна і князем Полацкім, Смаленскім і Вітэбскім, меў у кожным князьстве свой двор, спаўняў свае дзейнасьці прыяжджаючы ў кожнае князьства асобна. Толькі каля сярэдзіны XVI сталецьця гэная форма пэрсональнае уніі зьмяняецца ў фэдэрацыю паадзінокіх зямель, каторыя пасылаюць сваіх прадстаўнікоў у агульна-земскі парлямэнт. Акт 1569 году нельга лічыць за адну з вядомых цяпер гаспадарсьцьвенаму праву формаў зьліцьця асобных зямель у адно гаспадарства — злучэньня унітарнага. У навуцы унія 1569 году называецца парлямэнцкай уніяй, пры чым сувэрэнныя правы злучанага Літоўска-Беларускага гаспадарства былі акуратна абгавораны ў гэтым акце і мелі сілу ажно да прылучэньня Беларусі да Расеі.

Але ў канцы XVIII сталецьця Беларусь аказалася прылучанай да Расейскае імпэрыі, утраціўшы свае сувэрэнныя правы — правы незалежнага гаспадарства. Некаторыя асаблівасьці ў законах, вытварыўшыяся згодна з яе гістарычным разьвіцьцем, Беларусь захавала да 1840 гаду.