Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/10

Гэта старонка была вычытаная

Адносна літаратурных жанраў першага пэрыоду творчасьці Чарота трэба сказаць, што ў яго мы можам наглядаць песьню сынкрэтычнага характару. У гэтым сэнсе яна глыбока дэмократычна. Чарот пераважна любіць песьню–вокліч, песь- ню актыўнай дзейнасьці, а не статычнага адбітку рэальнасьці або сваіх уласных перажываньняў. Але поруч з гэтаю песьняю ў Чарота спатыкаем ужо ў першым пэрыодзе яго творчасьці і ліра–эпічную мініатуру („Незнаёмы“, „Пад крыжам“, „Два“ і інш.). Гэты від потым разьвіваецца ў Чарота ў поэму.

Песьня Чарота ўбіраецца ім ня толькі ў „зьбітыя вобразы“, якія ствараюць „уражаньне аднастайнасьці“ і пазбаўляюць зборнік „Завіруха“ „мастацкай суцэльнасьці“[1]. Поэта сваю песьню атуляе ў вобразы буры, віхроў, завірухі, мяцеліцы, агню — якраз тыя вобразы рэволюцыйна–романтычнага парадку, у якіх і льга было адбіць „завіруху“ сярод поўных сьлёз балот. Але апроч гэтага спосабу параўнаньня і ўвасабленьня зьяў прыроды ў зьявы людзкога жыцьця, які пераняты Чаротам ад сваіх папярэднікаў (Купала), поэта ўжо ў разглядаемы мною пэрыод творчасьці заплятае з вобразаў вянок, як „з васількоў блакітных летам“. Гэты вянок — якраз тыя мастацкія вехі, пра якія ўпамінае Чарот сам у сваёй прадмове. Гэта якраз адзін з пунктаў новай мастацкай програмы, новага мастацкага маладога, якое складае адну з асаблівасьцяй чаротаўскай поэтыкі. Яго можна характарызаваць як прынцып злучэньня „ў адзін нячутны хор“ гукаў ліры і „посьвісту кос“ пры рэалізацыі духоўнага капіталу поэты. Перанясеньне мэтодаў штодзённай будзённай працы ў практыку мастацкай творчасьці — вось сэнс пастаўленай Чаротам мастацкай вехі.

Адзначаным прынцыпам вызначаецца і выбар выяўленчых сродкаў у Чарота. У яго вобразах праз непрыглядныя малюнкі рачавістасьці прасьвечваюцца мяккія, блакітныя ўзоры вольнай шыры, праз „незасеяны пустыр“ „зорак сенажаць“. Вось пара прыкладаў:

Я зноў, дзе вольхам і бярозам
Купае сонца галаву
I жменяй згорнутыя сьлёзы
Расою сыпле на траву[2].

  1. М. Пятуховіч. М. Чарот. Завіруха. Полымя, № 1, стар. 84.
  2. Глядзі ўвесь верш „Я зноў, дзе поле каласамі“, стар. 126.