Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/14

Гэта старонка была вычытаная

нязначным ліку, а таму нельга іх лічыць характэрнымі для Чарота. Гэта такія, як „загартуй ты свой верш, як у горані сталь“[1] (з працы рабочага); „сьмяюся моцна, як лясун“[2](з народнай мітолёгіі); „птушак пералівы зьвіняць, як струнаў перабор“[3](адчуваецца ўплыў М. Багдановіча); „як тыя гарады, Гамора і Садом, загіне гэты край ад буры ліхалецьця“[4](літаратурнае параўнаньне, але ня зусім удалае).

Духам народных загадак вее ад вобразу ночы ў вершы „Я зноў, дзе поле каласамі“:

...Як неба ў чорную аўчыну
Зашые самую зямлю...[5]

або ў вершы „Касавіца“:

Касцоў песьціць рукой санцавей залаты,
Чэша променем сноп галавы[6].

Гэта прыметы пастаўленай Чаротам мастацкай вехі ў выбары выяўленчых сродкаў.

Апроч вызначанага ўбору чаротаўскай песьні, крыніцы яго творчасьці вымагалі ад поэты таго ці іншага і мэтрычна–рытмічнага аформленьня. Характар крыніц нагадоўвае пра тое, што рамкі мастацкай тэхнікі з гэтага боку павінны раздацца ўшыркі. I трэба сказаць, што хоць Чарот у першы пэрыод свае творчасьці не дае яшчэ цалком новага ў гэтай галіне, але ў яго рытміцы дыхае новая плынь на канве старых мэтрычных разьмераў. Шырока ўжываючы іпастасы, Чарот надае разьмерам сваю ўласную асаблівасьць. Найбольш уласьцівым для яго разьмерам зьяўляецца ямб з варыяцыямі ад 3 да 6 стоп і нават з пераходам [на] вольны ямбічны верш. З усіх 72 вершаў, зьмешчаных у зборніку „Завіруха“, ямбам напісана 28. Чаротаўскі ямб — гэта разьмер бадзёрасьці, рэволюцыйнай мяцежнасьці, з яго б’е жывая крыніца веры ў сілы народу, у яго перамогу і ў дасягненьне „Вялікай будучыны“. Такім разьмерам напісаны вершы „Буралом“ (132), „Заціхне бура“ (131), „Два“ (39), „Я іду“ (14), „На шляху адраджэньня“ (22), „Мне сьнілася“ (45) і інш. У рамкі гэтага разьмеру

  1. Завіруха — стар. 26.
  2. Ib. — стар. 90.
  3. Ib. — стар. 126.
  4. Ib. — стар. 132.
  5. Ib. — стар. 128.
  6. Ib. — стар. 79.