Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

На гэтым я спыняю разгляд мастацкай тэхнікі Чарота ў яго першы пэрыод творчасьці. Я пакідаю ў старане пытаньне аб композыцыі, рыфмоўцы і інш. Я толькі зазначу, што гэтыя апошнія, як і вышэй мною разгледжаныя бакі мастацкай тэхнікі Чарота, падпарадк[оў]ваюцца ім ня столькі сьцісла мастацкім заданьням, колькі падначальнай функцыі ўпэўніваньня і эмоцыянальна–валявога ўплыву. Сама мова вершаў „Завірухі“ ў большай частцы носіць характар размоўнай і мовы поэты–прамоўцы. Вялікі лік простых, абрыўных, пытальных і клічных сказаў як ня трэба лепш сьцьвярджаюць гэта зазначэньне. Нават больш таго, ёсьць цэлыя вершы, пабудованыя па прынцыпе прамоўнай композыцыі слоўнага матэрыялу. Так, верш „Як імя яму“ пабудован з усё нарастаючых пытальных сказаў, якія ў апошніх дзьвёх строфах разьвязваюцца ўзмоцненым адказам. У гэтым вершы чатыры страфы пачынаюцца пытаньнем „як імя яму“. Далей пятая страфа — словам „замоўклі“, пасьля чаго ідзе констатаваньне адмоўных адносін пэўнай грамады і нарэшце 6 страфа пачынаецца ўзмоцненым: „так ведайце ўсе“ — даецца разьвязка[1]. Наогул, трэба сказаць, што Чарот па сваёй мастацкай тэхніцы першага пэрыоду творчасьці зьяўляецца ў пераважнасьці поэтам актывістым–трыбунам.

Для больш акрэсьленага выяўленьня мастацкай тэхнікі Чарота неабходна дасканальнае дасьледваньне кожнага твору ня толькі Чарота, але і яго папярэднікаў і сучасьнікаў. Пасьля гэтага льга будзе зрабіць належныя параўнаньні і выявіць з дакладнасьцю і ўва ўсёй паўнаце спэціфычна чаротаўскае. Гэта адна з тых задач, якія стаяць перад маладою беларускай навукаю ў сучасны момант.

Я ў сваёй працы імкнуўся вызначыць толькі контуры чаротаўскай мастацкай тэхнікі, выявіўшы агульныя прынцыпы яго творчасьці ў раньні пэрыод. І гэтага якраз досыць для таго, каб сказаць, што Чарот у першы пэрыод свае творчасьці знаходзіцца яшчэ ў стане шуканьня новых мяхоў для новага віна. Крыніца яго творчасьці ў гэты пэрыод пераліваецца ў тыя формы, якія дасталіся ў спадчыну ад мінулага. Чарот бунтуецца ў гэтых формах, рассоўваючы цесныя рамкі іх праз ужываньне ў практыцы мастацкай творчасьці мэтодаў штодзённай

  1. Гляд зі стар. 41.