Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/18

Гэта старонка была вычытаная

вых лык“. Ён і зьяўляецца гэроем песьні Чарота. Вакол гэтага гэроя і концэнтруюцца чаротаўскія малюнкі і вобразы жыцьця, працы і змаганьня працоўнага люду.

Праўда, у творчасьці Чарота першага пэрыоду не знаходзім акрэсьленых тыпаў і вобразаў ані беларускага селяніна, ані беларускага рабочага. Не знаходзім таксама шырокіх малюнкаў беларускага быту. Няма тут і вобразаў ні беларускіх характараў, ні акрэсьленай псыхікі беларускага працоўнага люду. Гэтага і нельга патрабаваць ад поэты ў той час, калі „гудзела завіруха“, калі сам поэта быў адным з актыўных удзельнікаў барацьбы. Яго поэзія ў той час была яго вінтоўкаю, была толькі зброяй рэволюцыйнай уплывовасьці на масы. Выяўленьне–ж беларускіх тыпаў і характараў, выяўленьне псыхікі працоўнага люду — гэта задача, якая патрабуе свайго разьвязаньня ад беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў у сучасны пэрыод — пэрыод мірнай будзённай працы.

Аднак, нягледзячы на гэта зазначэньне, у Чарота мы знаходзім агульныя рысы жыцьця беларускага люду, раскіданыя асобнымі мазкамі ў яго песьнях. Гэтыя рысы выяўляюць галоўным чынам соцыяльны і нацыянальны бок жыцьця беларускай бядняцкай вёскі.

Соцыяльна–нацыянальнае гора адсьвечваецца амаль ні ўва ўсіх вершах Чарота першага пэрыоду. „Кароўка, конік свой“, „сьвіней і авечак патрохі“ — вось якава маёмасьць беларускага селяніна, які „ня горш, як другія жыў“[1]. А ў тых–жа, што горш жывуць і якіх мільёны, як кажа Чарот, „у полі жыта ў снапох, нібы той акалот, хата згніўшая ўся, хлеў стары без варот“ — вось якая бяда ў гэтых[2]. „З голаду, холаду людзі там плачуць“[3]. Іх купае „нядолі адвечнай рака“, „у голадзе й холадзе гадуюцца дзеці“[4]. Яны „перад панам свой горб“ гнулі, з другімі людзьмі ня йшлі ў лік[5]. Яны толькі песьняй разганяюць нуду, але і песьня іх жаласная. Беларус у кожнай песьні „ад сэрца долю праклінае“[6]. „Зьдзек, паняверка, царства тырана“ нішчылі яго сілу[7], „крыўда, зьдзек

  1. Завіруха — стар. 101.
  2. Ib. — стар. 43.
  3. Ib. — стар. 104.
  4. Ib. — стар. 43.
  5. Ib. — стар. 43.
  6. Ib. — стар. 107.
  7. Ib. — стар. 27.