Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/2

Гэта старонка была вычытаная

Чацьвертыя разам з першымі знаходзяць у Чарота адбітак быту, настрояў і пачуцьцяў селяніна і рабочага[1].

I, нарэшце, усе сыходзяцца на адным — гэта на прызнаньні за Чаротам таленавітасьці і на адчуваньні ў шуме песень Чарота чагось новага.

А ці трэба казаць, як нашумеў Чарот сваімі „Босымі на вогнішчы“. Сярод гэтага шуму й самому Чароту давялося выслухаць часамі жорсткія і шурпатыя нападкі. Праўда, гэтыя нападкі часта падобны былі да закідаў акадэміка Карскага, якія, як убачым далей, ня маюць пад сабою грунту.

Але ўсе мы любім слухаць песьні Чарота „На Купальле“, любім Чарота за яго сьмелы і бадзёры тон у песьні, якая сваім мяцежным шумам будзіць абурэньне і ўзьнімае „братоў–панураў“ з гразі балот да новага сьвету, да вялікай будучыны. I кожны стараецца разгадаць таямніцу яго поэзіі, яго творчасьці, якая адных зачароўвае, а другім „нарэзвае сэрца“. Дык у чым–жа загадка чаротаўскай песьні?

Праўда, цяжка разьвязваць гэтую загадку і заставацца зусім об’ектыўным у той час, калі поэта на нашых вачох разьвіваецца і шуміць навейшымі песьнямі. Апроч таго, сам Чарот дае прадмову да свайго зборніку вершаў „Завіруха“ дзеля таго, „каб паставіць у вядомыя межы“ сваіх чытачоў і крытыкаў. У гэтай прадмове Чарот папярэджвае, што ў зборніку дарэмна шукаць якой–небудзь вызначанай мастацкай ці політычнай програмы. „Яе пакуль што няма“, — кажа Чарот, ацэньваючы сваю творчасьць раньняга пэрыоду. Зараней скажу, што і мы ня будзем шукаць таго, чаго няма.

Але спрабуем падыйсьці да разьвязкі вышэйадзначанай загадкі, паставіўшы такія пытаньні: па–першае — адкуль, з якога абкружаньня, з якіх нагляданьняў і ўплываў выходзіць Чарот як поэта сялянскай паўстаўшай беднаты; па–другое — ці ёсьць у Чарота свая мастацкая тэхніка і калі ёсьць, то ў чым яна; па–трэцяе — ці ёсьць у Чарота мастацкі адбітак жыцьця і, нарэшце, чацьвертае — ці выяўляе Чарот свой уласны мастацкі твар і калі выяўляе, то ў чым зьмяшчаецца гэта індывідуальная крыніца сьвету, якім асьвечаны ўсе чаротаўскія малюнкі і вобразы.

  1. М. Байкоў. Пытаньне беларускай культуры і шлях беларускай інтэлігенцыі. Полымя, № 5–6, стар. 104.