Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/21

Гэта старонка была вычытаная

Але апроч гэтых агульных зарысовак адкрытай барацьбы Чарот дае малюнак і ціхага змаганьня ў вёсцы ўбогай, дзе сілы няроўныя. Яно праводзілася Рыгорамі, якія жадаюць людзям шчасьця, якія стаяць за шчырасьць і праўду і ў адплату за гэта ім надзявалі на рукі і ногі жалеза ды ссылалі ў Сібір:

На ногі і рукі жалеза надзелі,
К сонцу бліжэй павялі...
Мяне ў сьлед пагналі з роднай хаты,
Быццам ня трэба і жыць[1], —

так апавядае жонка пра свайго гаспадара, які вярнуўся з ссылкі, але такім, што яна й не пазнала.

Далей вайна, калі з агнямі і мячамі шукалі праўды:

Убогую вёску, што ціха стаяла,
Чужынцам прышлось дзе бываць,
Таксама вайна зруйнавала —
Ня можна было і спазнаць[2].

Вось як беды прыходзілася перажываць таму люду, які жыў у спрадвеку заплаканым краі. Але народ усё–ж такі не загінуў: не дарма–ж ён „празван і нядоляю крыніцай жывучай вады“[3]. Дачакаўся ўрэшце і ён новай буры, тэй буры, якая „слабаму — радасьць, а моцнаму — страх“, якая стала нішчыць „няволю, зьнявагу, пануру“, якая віхрам стала зьмятаць да лепшага шлях[4]. Загула завіруха, якая „зьмятае з зямлі жыцьця пацяруху“:

Бура ломіць дубы і бярозы–сталеткі,
Выварочвае хвоі з карэньнем...
I ўзыходзяць з–пад сьнегу чырвоныя кветкі —
Непагоды шалёнай насеньне[5].

Гэта тая бура, якая завецца вялікай Кастрычнікавай рэволюцыяй. Гэта тая завіруха, якая завецца грамадзянскай вайною з усімі яе адменьнямі на Беларусі. Так, польская окупацыя, якая пакінула пасьля сябе „адны руіны“ на Беларусі, знаходзіць адбітак у песьні Чарота:

  1. Завіруха — стар. 101.
  2. Ib.— стар. 105.
  3. Ib.— стар. 9.
  4. Ib.— стар. 13.
  5. Ib.— стар. 3.