Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

Ноч прышла. Ад дыму хмары...
Адусюль нясецца крык...
Горад Менск увесь ў пажары, —
Баль спраўляе польскі штык.
. . . . . . . . . . . . .
Найміт шляхціца–магната
Польскай арміі салдат
Беднату б’е, коле брата,
Адступаючы назад...[1]

За ім прышоў „чырвоны барацьбіт і ўсе ўздыхнулі. Люд працоўны стаў вялік. І зладзеям сьмерці кулі шле ўздагон чырвоны штык“. Край „вечнай пакуты зноў у праменьнях свабоды“. Нарэшце, Рыскі мір, які дзеліць Беларусь папалам, і на захадзе:

...вось там навісьлі цені.
Там вечар–вялікан хавае небасхіл...
I людзі блукаць там ня маюць болей сіл.
I просяцца яны аб хуткім вызваленьні[2].

А тут пачынаецца будаўніцтва. „Селянін і рабочы ўдвух стары сьвет агнём паляць, руйнуюць і на вогнішчы новы будуюць, панаваць у якім будзе: молат і плуг“[3].

Вось якая гісторыя барацьбы, гісторыя адвечнага змаганьня даецца ў агульных рысах у песьнях Чарота пэрыоду 1917 — 22 гадоў.

З агню гэтага змаганьня Чарот выхватвае абразкі людзей таго новага роду, які йдзе на зьмену старому. Гэта вобраз сына і маткі ў вершы „Разьвітаньне“. Тэй маткі, якая не заліваецца сьлязамі пры выпраўленьні сына ў салдаты, а тэй, якая жагнае сына ў армію Чырвоную і кажа:

Сьмела йдзі, сынок, у войска,
Барані ты волю:
Кожны сам сабе павінен
Здабыць лепшу долю.
За народзмагайся бедны,
Каб і ён быў вольны...
Два сынкі ужо ваююць,
Дык і ты будзь здольны.

  1. Завіруха — стар. 47.
  2. Ib. — стар. 34.
  3. Ib. — стар. 64.