Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/26

Гэта старонка была вычытаная

Зруйнуем мы яго дашчэнту там і тут,
Хоць гэта дасца нам і цяжка і балюча[1].

I, нарэшце, вера ў канчатковую перамогу рэволюцыі:

Край новы узрасьце тады на бураломе —
Машыны будзе век, ня трэба будзе конь,
Бляск электрычаства там хмара не заслоніць,
Людзкое будзе ўсё: зямля, вада, агонь...[2]

У гэтым апошнім і выяўляецца той ідэал, якога не заўважыў Карскі. Гэта той маяк, які стаіць на чырвонай дарозе і шлях да якога праз змаганьне і працу.

Поруч з гэтымі настроямі знаходзяць адбітак у песьнях Чарота настроі другога парадку, настроі нуды. Але гэта нуда ад імклівасьці да шырыні, нуда, якая родзіць імкненьне да няспыннай працы і змаганьня:

Эх, хлопцы, жыцьцё разудалае,
Толькі сэрца вось ные праклятае...
бо...
...Вось бяда, што балота наўкола сяла,
Селі–б у чоўні... на хвалях — гайда!
Увесь–бы сьвет аплылі, была–ні–была,
Мо–б зусім запрапала нуда![3]
Ды апроч балота —
Крыжы стаяць — пакуты знак.
Там ціха сьпяць байцы за волю...
Мільёны дзетак–небарак
Там між магіл шукаюць долі...[4]

Вось галоўны куток жыцьця і настрояў, які адбіўся ў творчасьці Чарота. Бядняцкая Беларусь, убогая вёска, працоўны бядняк–селянін, яго жыцьцё ў коле змаганьня і працы, само змаганьне і рэволюцыйныя настроі — вось той круг чаротаўскай рачавістасьці, які выяўляецца на фоне асноўнае тэмы — соцыяльнага і нацыянальнага разьняволеньня.

V

Перад намі, такім чынам, прашлі асноўныя моманты мастацкай працы Чарота — крыніцы яго творчасьці, прыёмы, пры дапамозе якіх ён успрынятае ад жыцьця ператварыў у вобразы,

  1. Завіруха — стар. 48.
  2. Ib. — стар. 132.
  3. Ib. — стар. 94.
  4. Ib. — стар. 89.