Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/28

Гэта старонка была вычытаная

У колер гэтага актыўнага каханьня з адценьнямі цікавага затаеннага суму ахварбованы чаротаўскія малюнкі беларускай прыроды і выяўленьні такіх пачуцьцяў, як каханьне да дзяўчыны, як веры народнай у русалак (вершы „Сьветлая ноч“, „Вечарам“, „На могілках“, „Русалка“, „Вясну пяю“ і інш).

Гэта каханьне, якое часамі пераходзіць у замілаваньне, узмацняецца моцнай верай у творчы дух свайго народу, таго народу, які і нядоляй празваны крыніцай жывучай вады. У вершы „Заціхне бура“, які памечаны датаю 1922 г., Чарот, зварочваючыся да народу, кажа:

Няхай рагочуць, няхай ня вераць,
Што ты, магутны, ўсіх зьмяцеш.
Мужык працоўны сам будзе мераць
Сваю зямельку ад меж да меж[1].

Гэта — вера ў поўнае адраджэньне Беларусі. І Чарот „у цішы вясеньняй, цёплай ночы“ бачыць нават сон, што —

...зямля апошняй скібы
Засыпала краіны той парэз,
Які мяжою быў: дзяліў адну сялібу.
На месцы тым пастаўлен зьдзеку хрэст.
I кроўю тэй, што брызнула з глыбокай раны,
Заліўшы чырваньню увесь прастор,
Узбуджаны народ ўсім ворагам няждана
Ў адплату піша сьмертны прыгавор[2].

Каханьне роднага краю, вёскі, беднага народу і вера ў яго сілы зьліваецца ў адно цэльнае з верай у вялікую соцыяльную будучыну, якая ў Чарота атуляецца романтычным замілаваньнем.

Дзень будучы прыдзе к нам страньнікам
У адзеньні сьвятых пазалот[3].

Гэта чыста сялянскае з налётам, я–б сказаў, нават містычнасьці ўяўленьне будучыны падобна да таго, як адбіваецца яно ў расійскага сялянскага поэты Клюева:

И хоть смерть косой тлетворной
Нам грозит из лет седых,
Он придет нерукотворный,
Век колосьев золотых".

  1. "Завіруха" — стар. 131.
  2. Ib. — стар. 46.
  3. Ib. — стар. 6.