Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/29

Гэта старонка была вычытаная

Шляхі да яго — абуджэньне народу, змаганьне за соцыяльнае і нацыянальнае вызваленьне, зруйнаваньне старога сьвету і праца па пабудове новага. І Чарот сам вызначае сваё месца на гэтых шляхох:

Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар,
Я балота буджу гучным шумам,
У вадзе я жыву і абмыт дажджом хмар,
Але змоўкнуць ня дам сваім струнам.
Уздыму дух людзей, прабуджу іх ад сну, —
Славу, будучнасьць я ім прарочу...
Я мяцежны бунтар, клічу жыцьця вясну,
Клічу к працы свабоднай і творчай[1].

Яго зброя — песьня, мастацкая творчасьць. Чарот ведае, які ўплыў можа зрабіць яна на масы, бо чуў, як пасьля сьпеваў лірніка–старца народзакрычаў: „Хай казацтва жыве, як ўпярод, хай жыве атаман іх вялікі!“[2]. Мастацкая творчасьць — гэта зброя клясавага змаганьня. І поэта любіць песьню–кліч. Ёю ён заклікае народ абудзіцца, з ёю зьвяртаецца да каваля, аратага, кабеты вясковай, моладзі, да тых, што плакалі над Рагнедаю, і да маладых песьняроў. Усіх ён імкнецца ўзбунтаваць, узьняць на змаганьне, на працу. I ці трэба казаць, што яго кліч не застаўся голасам у пустыні. Ужо адно існаваньне „Маладняка“, яго пашырэньне і разьвіцьцё сьцьвярджае правільнасьць чаротаўскай позыцыі ў мастацкай творчасьці. Але гэта ня толькі ад закліканьняў, а і ад таго, што сам Чарот — сын працы, што ён сам ідзе „цярністым шляхам між лясоў краіны, порасьлем балот“ у даль. Ідзе, шукаючы новага сьвету і

У ясны дзень і непагоду
Кладу я шлях свайму народу,
Пакуль ў сьнягох жыцьця ня згіну[3].

Ідзе наперад, не баючыся „мяцеліцы сьвінцовых куль“, дзеля таго, каб пралажыць шлях свайму народу. Часамі ў гэтым шуканьні поэта блукае „між небам і зямлёй, вобмацкам шукаючы долі, блукае з жаданьнем разьбіць „потнае вакно вялікай будучыны і глянуць, якія колеры хварбуе новы сьвет“[4].

  1. "Завіруха", стар. — 11.
  2. Ib. стар. — 92.
  3. Ib. стар. — 15.
  4. Ib. стар. — 22.