Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/30

Гэта старонка была вычытаная

Часамі сьпеў душы — віхура
Прымусіць доўга быць панурым,
Нібы бяздольну сірацінку[1].

Але поэта ня спыняе свайго цяжкага шляху, бо ён бачыць, „як красуе жыта, як ярынка сьцеле поле“ там, дзе ўчора слаўся воблакам дзірван, як „ходзіць брат па волі і сам сабе ня верыць, што цяпер ён пан, што ён пан вялікі сваёй шчырай працы, што сабе будуе ён цяпер палацы…“ Тут крыніца яго новых уздымаў, тут крыніца новай энэргіі, якая ўліваецца ў душу поэты.

І я зноў дыбаю, іду без супачыну.
Назад паглядаю, ці ідзе народ...
Сьлед мой шлях паката, сьлед мой не загіне,
Хоць яго і топча захад і усход[2].

Сьмела й адважна тады ляціць песьня Чарота. Яе водгалас „віхрам у полі скача“, і чаротаўскае „я“ зьліваецца ў магутнае „мы“. У ім яно бясстрашна. Будучы–ж адно, адданае на волю самому сабе, яно атуляецца сумам, яно гучыць дысонансам:

Я нейкім чорным туманом
Усё жыцьцё сваё спавіты...
...Ізноў пад гукі лірных струн
У чорных колерах ўсё бачу...
Сьмяюся моцна, як лясун...
І ціха... ціха... ціха плачу[3].

Як гэтыя радкі ня вяжуцца з яго закліканьнямі:

Годзе пець песьні нам сумныя, нудныя,
Краю даволі ўжо сьлёз!

Дзьве плыні адчуваюцца ў тых тонах, якімі асьвечвае Чарот свае вобразы, малюнкі і перажыткі. Адна — гэта бунтарска–рэволюцыйная, оптымістычная, а другая — індывідуальна–пэсымістычная, з якой і выплывае прынцып падымаць заслону будучыны праз выяўленьне чорных хварб рачавістасьці і праз іх адмаўленьне. Падобна да расійскага поэты Кірылава, у Чарота ў першы пэрыод яго творчасьці няма яшчэ згоднасьці між „я“ і „мы“. „Мы“ Чарота зьмяшчае ў сабе і грукат машын, і песьні фабрык.

  1. "Завіруха" — стар. 53.
  2. Ib. — стар. 15.
  3. Ib. — стар. 89.