Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/4

Гэта старонка была вычытаная

Але „спрадвеку заплаканы край“ быў ня толькі радзімаю поэты, які з прыроды гэтага краю чэрпае сабе патрэбныя хварбы і гукі для тых ці іншых „мазкоў“, які з яе пасмаў тчэ дэсані на ўзор свае песьні. Гэты край быў і ёсьць крыніцаю яго выходняй мастацкай псыхікі, гэты край з яго прыгнечанай люднасьцю падаў голас Чароту для асноўных мотываў яго поэзіі, а іменна мотываў соцыяльнага парадку.

Чарот вырас у беднай сялянскай сям’і ў вёсцы Рудзенск, у сям’і, якая мела надзелу шэсьць дзесяцін. Беднасьць і праца — вось настаўнікі малога Міхася. Удзень летам ён увесь час працаваў разам з усімі, на полі, сенажаці або каля хаты, а ўночы разам з вясковымі хлопцамі езьдзіў на начлег пасьвіць коні. „Беднасьць, цяжкая праца і нядоля — вось першыя падарункі, каторыя атрымаў ад сваёй „добрай фэі“ наш хлопчык–пясьняр“, — кажа Ігнатоўскі[1]. Я дадам, што тут крыецца і другая крыніца творчасьці поэты. Тут крыніца нагляданьняў над сялянскім жыцьцём, выведаньне яго на сваёй уласнай сьпіне. Тут першае азнаямленьне з „гожасьцямі“ дарэволюцыйнага ладу, які падвойным цяжарам абвальваўся на плечы беларускага селяніна — гэта соцыяльнай няроўнасьцю і нацыянальным прыгнечаньнем. Тут і карэньні тых мотываў і малюнкаў, якія зазьвінелі пра нацыянальнае і соцыяльнае гора беларускага селяніна. Тут карэньні і тых поклічаў да змаганьня і новай працы, якія потым вырываліся крыкам душы ў песьнях Чарота. Ужо тут пачынаецца, быць можа, яшчэ несьвядомае, накапленьне тых пачуцьцяў і настрояў, якія складаюць духоўны капітал поэты. Сам поэта так характарызуе гэту другую крыніцу свае творчасьці:

Ведай, сьвет, што я сын мужыка–бедака,
Які доўга ў нядолі стагнаў...
Узгадавала мяне яго чорна рука,
Акупала нядолі адвечнай рака,
Голад, холад мне ў твар пазіраў...
Дні ішлі... Ў беднай вёсцы пеў песьні народ;
Разганяў гэтай песьняй нуду...
Ў полі жыта ў снапох, нібы той акалот,
Хата згніўшая ўся, хлеў стары без варот, —

  1. У. Ігнатоўскі. Мотывы лірыкі беларускага песьняра Чарота, стар. 4.