Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

Вось якую я бачыў бяду...
Ўсе казалі, што й сын, як і бацька, — мужык,
Перад панам свой горб будзе гнуць...
Што з другімі людзьмі ён ня пойдзе у лік,
Запрацуе сабе лапці з ліпавых лык,
Вольнай песьні ня будзё ён чуць...[1]

Вось якіх хварб і якога колеру накапляўся капітал у сьвядомасьці поэты. Ён іскрамі сачыўся ў сэрца Чарота з гэтай другой крыніцы і запальваў там „помсты пажар“.

Але каб выбіцца на сьвет, каб гэтым „помсты пажарам“ ахапіць як мага шыршы круг, — дзеля гэтага патрэбен быў таўчок, які–б расчыніў насьцеж душу поэты. Патрэбна было ўсьведамленьне ў аколічнай беднасьці, каб пачаць свой духоўны капітал рэалізаваць у слове, у шумна–мяцежнай песьні для абагачэньня свайго краю, для барацьбы з той бядою, якую бачыў поэта. І такім таўчком зьявілася першая няўдача на жыцьцёвым шляху Чарота. Гэта — няўдача пры першым паступленьні ў Маладэчынскую сэмінарыю. Яна адкрывае дагэтуль яшчэ неабуджаную чаротаўскую ліру, па струнах якой у першы раз і зазьвінела крыніца соцыяльнага гора. З гэтай няўдачай і выбіваецца на волю, на сьвет затаенная сіла творчасьці. Сам Чарот кажа так: „...у гэту цяжкую хвіліну свайго жыцьця мне захацелася голасна засьпяваць, і я пачаў свой першы верш:

Сёньня і ўчора
Толькі сьлёзы, гора,
А чаго я плачу —
Дурны небарачу?
Плач! Ніхто ня чуе,
Ніхто не шкадуе...
Ўсе разгоняць хмары
Віхры і пажары“[2].

З гэтага часу поэта не разлучаецца з ліраю, якая на сум і тугу аклікаецца бунтарскім тонам.

Прабываньне Чарота ў Маладэчынскай настаўніцкай сэмінарыі (з 1913–га па 1917 гг.) паглыбляе ў яго соцыяльна–нацыянальную сьвядомасьць. Тут–жа, у сэмінарыі, западае ў сэрца поэты і іскра, якая потым запалала пажарам протэсту.

  1. М. Чарот. Завіруха, стар. 43.
  2. Ігнатоўскі. Мотывы лірыкі Чарота, стар. 8.