Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

ІІІ

„Мой зборнік, — кажа ён у прадмове да „Завірухі“, –– хутчэй дынаміка, чым статыка“. А для ажыцьцяўленьня дынамікі ў слове патрэбна і асобая мастацкая тэхніка. Чарот кажа: „Агонь рэволюцыі — гэта агонь вулькана, ён расплаўляе ўсё... І пакуль яшчэ рана гаварыць аб тых формах, у якія можна ўліць гэту вогнядышачую лавіну. Пакуль яшчэ рана гаварыць аб мастацкай програме. Можна толькі яе вызначыць, ставіць першыя вехі. Можна дзеля таго, што якар ёсьць. Маяк відаць“...

I Чарот, калі не сказаць, што даў асобную мастацкую тэхніку ў першы пэрыод свае творчасьці, то вехі грунтоўна паставіў. Але пакуль выйсьці на свой мастацкі шлях, ён прашоў па тых сьцежках, якія пратоптаны яго папярэднікамі (Купала, Багушэвіч, А. Гарун, Цётка і Багдановіч). Праўда, гэта ўпадобнасьць (вершы „Беларусы“, „Звон“, „Званар“, „Пад крыжам“, „Вечарамі“, інш.) у Чарота хутка праходзіць. Крыніцы творчасьці ўжо ясна кажуць, якім павінен быць шлях Чарота па сваім асноўным мотыве. Гэты мотыў — змаганьне рэволюцыйнай працоўнай беднаты за будучае сьветлае жыцьцё — акрэсьлены закончана. Вось чаму і „Невядомая“ сказала Чароту:

...Грай, поэт, бяз жалю,
Твая хай ліра не заплача...
Вясёлы сьпеў пачуюць далі,
А сьлёз і блізка не пабачаць.

І поэта паслушны „Невядомай“. Хоць слоў яе больш ня чуе,

Але вясёла, гучна граю...
I толькі цяжка сам сумую,
Бо сын гаротнага я краю[1].

Гэта вясёлая гучнасьць, злучаная ў адно з ціхім затаеным сумам, — вось асноўны тон песьні Чарота. Гэты тон і складае самую галоўную асаблівасьць чаротаўскай творчасьці, якая яго аддзяляе ад сваіх папярэднікаў і кладзе пачатак новай плыні ў беларускай літаратуры. Гэта пробліск таго новага маладога, якое з часам становіць сутнасьць амаль усёй маладнякоўскай творчасьці.

  1. Завіруха, стар. 83.