Старонка:Бабарэка. Лірыка Міхася Чарота.pdf/9

Гэта старонка была вычытаная

Я пясьняр лясоў, балота
I загонаў каласістых...
Мае песьні — шум чарота
Па над рэчкаю імглістай.

Мае песьні — песьні долі,
Шопат зор у паднябесьсі...
Хай ляціць, жыве на волі
Гучны вокліч мае песьні.

Мае песьні — песьні буры,
Гоман лесу ў непагоду,
Страшны посьвіст злой віхуры,
Сьмелы кліч майго народу.

Мае песьні — песьні волі,
Гымн паўстаўшых на прадвесьні...
Хай нясецца, хай ніколі
Не загіне вокліч песьні![1]

Так характарызуе сам Чарот сваю песьню. Як бачым, тон гэтай песьні — гэта акорд сугучнасьці нізін і высі зорнай. Гэта тон жывой бурлівай рэальнасьці, атуленай у мяккі колер рэволюцыйнай романтычнасьці („шопат зор у паднябесьсі“). Гэта тон ад оптымістычнага сьветаадчуваньня.

З асноўнага мотыву выплываюць і ўсе элемэнты поэтыкі Чарота: прыёмы стылю, прырода вершу, мотывы і інш.

Сюжэты Чарота зьвязаны з сялянскаю беднатою. Поэта выхапляе іх з жыцьця бядняцкай вёскі. Так, зварот бацькі дамоў з Сібіры, куды ён быў сасланы за тое, што „шчасьця людзям жадаў“ („Незнаёмы“), апавяданьне лірніка–старца пра мінулыя часы („Песьня лірніка“), вітаньне з вёсак у часе імпэрыялістычнай вайны („Пад крыжам“) і інш. У вершах Чарота чырвонаю ніткаю праходзіць нацыянальнае і соцыяльнае гора беларускай вёскі, праз іх прасьвечваецца гразь балот, гнілая хата, няўродлівыя палеткі. Усё гэта штурхае на змаганьне і працу, на збудаваньне новага жыцьця. Гэткая канва песельнага сюжэту Чарота. У сваіх вершах поэта выяўляе перажываньні рэволюцыйнай сялянскай беднаты. Гэтыя перажываньні зьяўляюцца прадметам рэволюцыйнай завірухі.

  1. Завіруха, стар. 10.