Старонка:Базылевічава сям’я (1938).pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

дзе яны там. Папацёмку, ці знайду, ды можа і не да гэтага будзе.

(Пабег. Чуцен стрэл, далёкія галасы, пасля другі стрэл. Зноў галасы, ужо бліжэй, каля самае хаты, пасля ў сенцах. Убягае Волька, шырока адчыняе дзверы. Мікалай і Вера уводзяць у хату Максіма, падтрымліваючы яго пад рукі.)

Максім. Чаго вы так мяне трымаеце, я і сам іду.

Волька. Мала што сам.

Садзяць яго на ложак, знімаюць з нагі бот. Глядзяць нагу.

Вера. Кроў сочыцца.

Волька (падбягае з чыстым палатном, прыкладае да раны). Гэта каб Лявонка быў дома, ён паглядзеў-бы.

Максім. Праз год доктарам будзе… Баліць…

Мікалай. Унь-жа яго чамадан каля дзвярэй. Мама…

Волька. Пабягу, гукну, можа дзе паблізу. (Пабегла.)

Максім. Дык напэўна яго злавілі?

Мікалай. Пры мне было. Злавілі.

Максім. Калі я яго спыніў, ён кінуўся ўцякаць. Я за ім пабег і закрычаў: „Стой, страляць буду“. Ён азірнуўся і стрэліў у мяне з нагана, але я таксама паспеў яшчэ стрэліць. Ён пабег.

Мікалай. Там яму загарадзіў дарогу начальнік участка граніцы, і ён ужо хацеў страляць, але ззаду яго хапіў за рукі Рыгор Прановіч.

У хату шпарка ўбягае Леанід.

Леанід. Шпіёна злавілі! Вы ведаеце, што я чуў ад старшыні сельсовета па дарозе? Я з ім ехаў.

Мікалай. Гэты шпіён дзеда раніў, ідзі глядзі.

Леанід адразу змоўк, падбягае да ложка, на якім ляжыць Максім і глядзіць рану. Уваходзіць Волька.

Волька. Не знайшла… А, ён ужо тут.

Леанід. Куля сядзіць, але не глыбока, косці не зачапіла, нічога, зараз дастану. Глупства. (Кідаецца да чамадана, дастае бінты і хірургічныя інструменты.)