Старонка:Базылевічава сям’я (1938).pdf/5

Гэта старонка не была вычытаная

АСОБЫ:

МАКСІМ БАЗЫЛЕВІЧ — калгаснік, здаровы стары, год 68.
ВОЛЬКА БАЗЫЛЕВІЧ — яго нявестка, удава, год 48.

МІКАЛАЙ — ваенны інжынер, год 28.
ВЕРА — настаўніца, год 23.
ЛЕАНІД — студэнт медыцынскага інстытута, год 20.

Вольчыны дзеці,
унукі Максіма
Базылевіча.

РЫГОР ПРАНОВІЧ — стары калгаснік, таварыш Максіма Базылевіча.
РЫТВІНСКІ — польскі шпіён.
Начальнік участка граніцы.


Дзея адбываецца ў прыгранічным калгасе ў 1938 годзе.
У хаце Максіма Базылевіча. Ранні вечар, заходзіць сонца. Пасярод хаты стол, прыгатаваны як для святочнай вячэры. Белы прасаваны абрус звешваецца да самай падлогі, на стале настаўлена ўсялякай яды, стаіць гарэлка і віно. Волька заклапочана каля стала: расстаўляе талеркі, падсоўвае крэслы, нарэзвае каўбасу. Максім курыць і ўглядаецца ў акно. Мікалай выціраецца ручніком, прычэсваецца перад люстэркам.

Волька (да Мікалая). Што, сынок, табе ўжо мусіць надакучыла чакаць?

Мікалай. Надакучыць не надакучыла, але, прызнацца, я нічога не меў-бы супроць таго, каб хутчэй сесці за гэты стол. (Разглядае стол.)

Волька. І нешта доўга няма Веры і Лявонкі. Можа яны і не прыедуць зусім.

Мікалай. От табе і раз. Як гэта не прыедуць. Раз пісалі — значыцца прыедуць.

Волька. Вера то ўжо скончыла заняткі ў сваёй школе, цэлае лета будзе вольная.

Мікалай. А ў Леаніда ў інстытуце таксама заняткі павінны ўжо скончыцца. Пісаў-жа што к сёнешнему дню прыедзе.