Старонка:Базылевічава сям’я (1938).pdf/6

Гэта старонка не была вычытаная


Максім. Чэрці яны абое. Яны маладыя і не думаюць пра тое, як дзеду хочацца з імі выпіць хоць першую чарку. А калі спозняцца, то прыдзецца ім без мяне піць.

Мікалай. Чаму?

Максім. Сонца заходзіць і зараз я пайду калгас вартаваць. (Знімае са сцяны стрэльбу і правярае.)

Нехта ў сенцах шукае на дзверах клямкі.

Волька. Нехта ідзе! (Хапае ручнік і шпарка выцірае рукі.)

Максім. Гэта няйначай Вера, эмтээсаўская машына павінна была прыйсці ўжо з горада. (Ставіць стрэльбу, накіроўваецца да дзвярэй.)

Мікалай (стараецца забегчы дзеду наперад). Я першы яе спаткаю.

Максім. Не, ты ўжо дай мне старому першаму спаткаць сваю ўнучку.

Мікалай адыходзіць к сцяне, Максім становіцца каля дзвярэй. Адчыняюцца дзверы і паказваецца сівабароды твар Рыгора Прановіча. Мікалай і Волька зарагаталі, збянтэжаны Максім адступае ад дзвярэй.

Максім. Каб ты згарэў, а я думаў, што гэта… (Рагоча.)

З стрэльбаю за плячыма ўваходзіць Рыгор Прановіч.

Рыгор. Э-э, дык ты чакаеш некага, калі так стол прыгатаваў.

Максім. Унукі да мяне з‘язджаюцца ў госці… А ты гэта вартаваць, хіба ідзеш? Сёння-ж мая чарга. Але калі ўжо выбраўся то і добра: павартуеш сёння за мяне, а я другі раз за цябе. Я хоць з унукамі пасяджу сёння за сталом. Зараз павінны быць.

Рыгор. Не, нам сёння ўдвух прыдзецца вартаваць.

Максім. Удвух?

Рыгор. Наконт гэтага старшыня да мяне прыходзіў… І ён будзе з намі… І яшчэ некаторыя спаць сёння не будуць.

Волька. А што-ж такое?

Рыгор. Тут такая справа вышла што… (Раптам убачыў Мікалая і змоўк.)

Максім. Ну, кажы.

Рыгор (мнецца). Вышла такая справа што… выйдзем у сенцы, там скажу.