Старонка:Базылевічава сям’я (1938).pdf/8

Гэта старонка не была вычытаная


Рыгор. Можна падумаць, што я назнарок явіўся туды, дзе смажаным пахне. (Садзіцца.) Толькі на адзін момант. Зараз трэба ісці.

Максім налівае чаркі. Волька садзіцца.

Максім (паднімае чарку). Хачу аднаго: каб так як цяпер у нас заўсёды было і было. Што год пройдзе, дык і лепш робіцца жыць. Усё лепш і лепш. Чалавеку воля. Чалавеку ўсюды права дадзена. Такім унукам як у мяне бывала-б і поп, і пісар, і пан пазайздросціў-бы.

Рыгор. Дык нашага-ж пана сын быў ваенным інжынерам!

Волька. Зараз явяцца Верачка і Лявонка…

Максім. Дык мы давайце і вып‘ем.

Выпілі і закусваюць.

Рыгор. Памятаеш, Максім, як мы з табою сварыліся за сенажаць. Мне здавалася, што ты ў мяне перакасіў, а табе здавалася, што я ў цябе перакасіў.

Максім. Цьфу, няхай яно згарыць, брыдка ўспамінаць.

Волька. Каб не совецкая улада, то мае дзеці былі-б парабкамі.

Уваходзіць Вера. Спачатку яе не заўважаюць. Усміхаючыся, яна падыходзіць да стала.

Усе. Вера! Верачка! Дачушка! Сястрыца! Унучка!

Усхватваюцца з-за стала, вітаюцца з Верай, абнімаюць яе.

Рыгор. Аж зайздрасць бярэ. Каб я жыў, што напішу сваёй Ганне, каб прыехала ў госці. Вельмі-ж добра дзяцей сустракаць, калі і ў іх усё добра, і ў цябе ўсё шчасліва… Але яна не прыедзе, у яе заўсёды справаў многа.

Мікалай. А дзе ваша Ганка цяпер?

Рыгор. Не вельмі далёка адгэтуль, старшыня сельсовета.

Вера (да Мікалая). Даўно мы з табой, братка, не бачыліся.

Мікалай. Гадоў ужо тры напэўна.

Волька. За стол… калі ласка…

Максім. Не, дзеткі. Вы сабе садзецеся і чакайце Лявонкі, а мы з Рыгорам пойдзем.

Рыгор. Трэба ісці.