Старонка:Базылевічава сям’я (1938).pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная


Максім (цалуе Мікалая і Веру). Гуляйце весела… (Маўчыць, трасе галавой.) Явіцца, Лявонка і… разам усе… мы ўспомнім, што гэтымі днямі будзе роўна восемнаццаць год як загінуў ваш бацька… (Адварочваецца, выцірае слёзы, гаворыць быццам сам сабе.) Мой… сын… Павал…

Моўчкі бярэ на плечы стрэльбу і разам з Рыгорам выходзіць з хаты. Нейкі час усе маўчаць.

Вера. Мікола, ты памятаеш тату?

Мікалай. Памятаю.

Вера. Даўно мы з табой не бачыліся і не ўспаміналі разам яго. Раскажы мне пра яго, які ён быў.

Волька. Сядзьце, дзеткі, за стол.

Усе садзяцца.

Мікалай. Ён быў высокі, вясёлы…

Волька. Хоць і цяжка было жыць, а ён усё, небарак, жартаваў.

Вера. Мне часам здаецца, што я яго магла-б успомніць.

Волька. Не, дачушка, табе тады было толькі пяць год.

Мікалай. Я памятаю, што тады быў вельмі сухі і гарачы дзень.

Вера. Мама, раскажы пра татаву смерць.

Волька. Як ён паміраў я не бачыла.

Мікалай. Ён быў партызан і прышоў уночы ў вёску на разведку і палякі яго злавілі. У жандармерыі да самага дня і пасля цэлы дзень мучылі і дапытвалі. Ён ім нічога не сказаў, ён маўчаў. Ніводнага слова яны з яго не выцягнулі. Наш бацька быў большэвік, герой. І яго павялі на расстрэл.

Волька. Яго мучыў і расстрэльваў жандар Рытвінскі. Я яго ведала добра, ён не раз здзекваўся з мяне, дапытваючыся, дзе партызаны.

Мікалай. Наш бацька ляжаў непахаваны ў чыстым полі два дні, мы нічога не ведалі. А пасля людзі знайшлі яго.

Волька (ад слёз ледзьве выгаварвае словы). Памятаеш, сынок, мы з табой засыпалі яго магілу… А пасля ты, Верачка, падрасла і пачала насіць на магілу кветкі. (Доўгая пауза. Волька стараецца спыніць слёзы. Сціхае.)