Старонка:Барвенак (1924).pdf/38

Гэта старонка была вычытаная

ДА САЛАВЕЙКІ.

Сьпей, салавейка, ты песьню вясёлую,
Сьпей, каб прачнулася сэрца маё,
Ласкай напоўні ты грудзі мне кволыя,
Сьпей мне пра жыцьце сваё.

Зычна тагды я з табою заліўшыся
Будзем сьпяваць мы пра радасьці дзён,
Так запяём мы, каб лес ўзварушыўшыся,
Рэхам адзваўся, як звон.

Мы зацікавім і сонца за хмарамі,
Вылунуць слухаць і зоры ўсе нас;
Я, апрануўшыся новымі чарамі,
Выйду страчаць лепшы час.

Сьпей, салавейка, мне песьню вясёлую,
Песьні я гэтай чакаю душой,
Морам ўздымаюцца грудзі ўжо кволыя:
Хочацца песьні паслухаць тваёй…

1913 г.