Старонка:Барысенак. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529.pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

Таксама, у 1501 годзе па аналёгічнай справе аб пасагу паміж гараднічым Гарадненскім п. Федзькам Гаўрылавічам з мачыхай жонкі сваёй п. Федзькаваю Пуцяты[1], гаспадар з Панамі-Радаю пастанавілі:

„колі тая девка (сястра жонкі Федзька Гаўрылавіча) нешодши замужъ, умерла, тотъ посагъ за ся в домъ пал на пана Федзьковы дети—на Путяту и на его братью; а паней Федковой и той дочце ее, которая тепер еще в дому мешкаеть, в то ся не надобе вступати"[2].

VII

Панаваньне праўнага сэпаратызму цягнулася аж да XVI сталецьця. Ужо ў 1501 годзе ўрад у Валынскім пацьвярджальным прывілеі выказаў офіцыяльна, што думка аб утварэньні адзінага для ўсёй Літоўскай дзяржавы кодэксу, які павінен быў скасаваць увесь складаны конглёмерат асобных земскіх звычаёва-праўных сыстэм упаўне пасьпела. Прынцып консэрватызму, які кіраваў законадаўчаю політыкаю дзяржавы, траціў, мабыць, свае выгады.

У эдыкце 1522 году, раней часу выданым урадам, з прычыны ўвядзеньня ў жыцьцё Статуту, даецца офіцыяльнае тлумачэньне ўтварэньня адзінага кодэксу. „Да гэтага часу ў нашым вялікім княстве Літоўскім,— гаворыцца ў эдыкце,—правасуднасьць адбывалася не на аснове пісанага права, але згодна звычаю, а таксама разуменьню і сумленьню кожнага судзьдзі, гэта значыць адпаведна таму, як здавалася судзьдзі больш справядліва ці больш правільна ці няправільна"[3].

Няпэўнасьць норм звычаёвага права і нязвычайная іх рознастайнасьць адбівалася на правасуднасьці, утварала пачуцьцё няпэўнасьці ў вынесеным прысудзе, даючы магчымасьць для злоўжываньняў судзьдзяў.

Ня прыходзіцца пярэчыць супроць правільнасьці тых мотываў, якімі кіраваліся і ўрад і шляхецкая кляса, утвараючы агульнадзяржаўны кодэкс. Але ўсе адмоўныя бакі сэпаратызму ў праве Літоўскай дзяржавы сталі зразумелымі і відочнымі толькі ў сувязі з пераменай форм народнай гаспадаркі, якая толькі пачала вызначацца.

У самым пачатку XVI сталецьця праяўляюцца яўна адзнакі новай— грашовай—формы народнай гаспадаркі. Гэты процэс патроху захапляе экономічнае жыцьцё ўва ўсёй шырыні, у яго ўцягваюцца ўсе грамадзкія клясы. Дзеля клясы зямляўласьнікаў разьвіцьцё грашовай гаспадаркі ставіла задачу вызваліць свой капітал—зямлю ад уціскаў, якія перашкаджалі ёй быць прадметам вольнага звароту. „Народная гаспадарка, якая даволі такі разьвінулася, і асабліва сельскагаспадарчы ўздым, што адбываўся тады,—утваралі патрэбу мобілізацыі зямельнай уласнасьці. Прагнасьць за зямлёю з боку асобных прадстаўнікоў шляхецкага стану была

  1. Князі Пуцяты былі віцебскія жыхары.
  2. Малиновский. Сбор. мат., стар. 293—294.
  3. Dzialynski. Zbior praw litewskich. Poznan 1841, стар. 121—123.