Статут астаўся не надрукаваным—у гэтым ня можа быць няпэўнасьці[1]. І ня ў гэтым прычына таго, што проект Статуту не атрымаў моцы закону, як думае Пекосінскі[2]. Самая істота проекту не задавальняла ўпаўне шырокія колы шляхецкай клясы.
Справа ў тым, што выданьне адзінага кодэксу ў гісторыі клясавых адносін Літоўскага княства было такім момантам, калі зямляўласьніцкая кляса павінна была забясьпечыць сабе пануючую ролю ў народнай гаспадарцы і непасрэдны ўдзел у політычнай уладзе. Да гэтага часу неабмежаваным гаспадаром была фэодальная арыстакратыя, політычным органам якой зьяўлялася Рада. Між тым, жыцьцё высунула ўперад і сярэднюю клясу зямляўласьнікаў — шляхту, якая, выносячы на сваіх плячох увесь цяжар часоў Аляксандра і Сігізмунда, усьвядоміла ўжо сваю ўдзельную вагу. Шляхта жадала вызваліцца ад апекі арыстакратыі і атрымаць самастойнае становішча ў дзяржаве.
Вось чаму ўраду прышлося яшчэ і ў 1524 годзе паслаць на Віленскі сойм ізноў папраўлены проект Статуту. Пасылаючы на гэты сойм свайго сакратара Вежкгайла з проектам кодэксу, гаспадар, мабыць, быў упэўнены, што ён будзе прыняты, бо адначасна было зроблена распараджэньне канцлеру „тое право выдати всимъ подданымъ нашимъ“[3]. Аднак, і гэты проект ня быў прыняты соймам „для некоторыхъ члонковъ". Шляхта дабівалася непасрэднага ўдзелу ў вытварэньні правасуднасьці, каб забясьпечыць сябе ад судовага свавольства і неправасуднасьці магнатаў, у руках каторых быў суд і мясцовы, і цэнтральны. У гэтым і другіх адносінах проект быў няпрыемлімы для шляхты.
Думалася, што ўсе спрэчныя пытаньні будуць разьвязаны на сойме ў Берасьці ў канцы 1524 году, куды павінен быў прыехаць кароль. Аднак, справа зацягнулася да сойму ў Вільні ў 1529 годзе. І толькі з 29 верасьня 1529 году Статут — ці інакш „новыя правы" — атрымаў моц закону.
Выяўляецца цікавая рыса ў гісторыі складаньня проекту І-га Статуту: ён быў вынікам бюрократычнай канцэлярскай творчасьці. У непасрэдным складаньні яго шляхта ня прымала ўдзелу праз сваіх прадстаўнікоў, як гэта было пры складаньні Статуту 1588 году. Прырыхтаваны ў гаспадарскай канцэлярыі проект прад'яўляўся сойму ўрадавымі дакладчыкамі, сойм яго ня прымаў і ён ізноў варочаўся ў канцэлярыю для дапаўненьняў і перапрацоўкі. Можна думаць, што першапачатковы проект меў бясформены надворны выгляд; трудна сказаць, ці было якраз 13 разьдзелаў, падзел на разьдзелы і артыкулы[4]. Можа ён меў выгляд Судзебніка Казіміра.