Старонка:Барысенак. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529.pdf/27

Гэта старонка была вычытаная

дзел VII—„О звадахъ", які разьвязваў некалькі казусаў звад, не прадугледжвае выпадку, якія найбольш часта сустракаўся ў практыцы—выпадку, калі з двух бакоў маюцца сьведкі звады. Гэта тлумачыцца тым, што аўтары перанесьлі ў Статут перапрацованы тэкст Віслацкага Статуту. Між іншым і судовыя прыгавары былі выкарыстаны таксама пры складаньні Статуту. Выгадней за ўсё было карыстацца Прывілеямі і Судзебнікам Казіміра.

Аднэй толькі крыніцы няпрыкметна ў Статуце—Рускай Праўды, маючы на мэце яе, як асобны помнік, а не яе нормы. З гэтай прычыны няправільна, з пункту погляду гістарычнай пэрспэктывы, супрацьстаўляць Літоўскі Статут з Рускай Праўдаю, калі гутарка ідзе аб крыніцах Статуту, а разам з тым і аб нацыянальным характары яго. Шырокае пашырэньне Рускай Праўды не выключала мясцовага звычаёвага права, даказнасьцю чаго зьяўляюцца земскія прывілеі. З гэтай прычыны ня права Рускай Праўды павінна зьяўляцца матэрыялам для азначэньня нацыянальнага характару Літоўскага Статуту 1529 году, а звычаёвае права і судовыя прэцэдэнты ў пэрыод непасрэдна папярэдні моманту складаньня і выданьня Статуту 1529 году, паколькі гэты матэрыял даступны выяўленьню з судовых спраў, якія разглядаліся на гаспадарскім судзе. І зразумела, толькі да гэтых прыгавараў, а не да спраў мясцовых судоў, маглі зварачацца аўтары Статуту, і тады ўва ўсім сваім вялізарным значэньні высоўваецца той факт, што правадніком агульна-дзяржаўнай судовай політыкі быў гаспадарскі суд, які дзейнічаў у сфэры Літоўска-Беларускага нацыянальнага права.