валі… Ну, ідзі дадому. Калі мы ўбачымся — цяпер сказаць не магу. Я сам прыду. Ты мяне ня шукай.
— Старога Няміру пагналі разам з усімі ў горад.
— Ага, — сказаў адно ціха. — Ты ідзі. Марылька ў нас? Ну і добра.
Пасьля гэтага ён астаўся адзін. Ён чакаў людзей. Людзі пачалі ісьці тэй самае ночы. Адусюль ішлі. І ён накіроўваў іх, дзе трэба было зьбірацца. Яму гэта даручылі яшчэ апаўдні, калі ён бачыўся з людзьмі з атраду. Перш за ўсё пайшлі блізкія людзі з гэтых дзьвёх спаленых вёсак. Кожны расказваў Леапольду сваю бяду. Ён выслухваў гэтую споведзь і казаў:
— А цяпер ідзі проста гэтаю сьцежкаю, пакуль ня дойдзеш да другое палянкі. Там пачуеш людзей.
От як спавядаліся людзі:
Хлапец гаварыў.
— Мой бацька малоў муку саматугам у жорнах у сенцах. А яны ўвайшлі ўдвух, ні слова ня кажучы, адцяглі яго ад жарон і далі прыкладам у твар. А калі далі трэці раз, ён сканаў.
Другі расказваў:
— Майго сына павялі ў лес дапытваць. Сьпярша адрэзалі вуха, пасьля пачалі выбіваць зубы. Я пасьля знайшоў яго як ён паміраў.
Трэці скардзіўся:
— Я з агню ўцёк. Як падпальвалі маю хату, мне загадалі ўвайсьці ў сенцы і там зачынілі. Я кінуўся ў хату і выскачыў з агню праз акно. Мне наўздагон стрэлілі.
Леапольд Гушка чуў гэтую споведзь.
У агні і дыме высыхаць пачала на чалавеку сарочка, што чорным потам прыліпшы была кагадзе да цела. Змучанае трывогаю цела набыло раптам сілу, што ў востры момант здольная рвануць чалавека на нечалавечую патугу. І чалавек, трацячы сілы, рвануўся бегчы.
— Пачакай, пойдзем разам, — сказаў апошняму Леапольд Гушка.
Была ўжо ноч, як яны ўдвух падаліся ў самы глыб лесу.
З таго дня старая гаспадыня трухлявае хаціны ля хвойніку доўгі час ня бачыла свайго Леапольда. Яна страціла сілы зусім і ледзьве тупала ля хаты ўдзень. Марылька была тут-жа.
Неўзабаве мелася пачацца жніво. Сьпела жыта. І людзі тры-