Але Сымон адказваў нехаця. Вельмі можа быць, што ён нават злаваў крыху на свайго старэйшага спадарожніка, бо той, ведама, зусім стары, ледзьве перастаўляў ногі, а Сымон — ці ня мог гэта ён перамагчы сваю змардаванасьць гэтак, што ў дзьве столкі паддаць ходу? Прынамсі ён ішоў увесь час на крокаў тры ўперад за старога, а часамі і на крокаў дзесяць выпярэджваў, дык тады спыняўся і чакаў пакуль той падклыбае пад яго.
— Позна ўжо, ці што? Га, Сымон?
— От можа цераз паўдня.
— Прыгледзься, гэта не ратуша відна? Га?
— Не яшчэ.
— А можа калі ў гарадок і ўвайсьці не давядзецца.
— Чаму?
— Як-то чаму! А можа-ж ён па той бок мяжы?
— Не, ён па гэты бок мяжы. Колькі-ж людзі папагаварылі табе, а ты ўсё адно чаўпеш.
— То вёска наша па той бок.
— От гэта дык будзем бачыць… Хто яго ведае… Можа і па той.
— А божа мой, божа. Дзе-ж тады я прытулюся?
Цяпер стары раптам паддаў ходу. Застукаў кіем па мёрзлай зямлі, дробна закалываў плячыма.
— От так, от гэтак, — падбадзёрыў яго Сымон, але ўжо хвілін праз пяць стары ішоў зноў гэтак як і раней. Зноў ён глядзеў адно сабе пад ногі, тады як ягоны спадарожнік не прапускаў вокам ніводнага дрэва навокал, ніводнага ўзгорку.
А от і панскае поле, добра ўбаранаваны палетак і на ім добра паўзыходзіла жыта.
— Унь, стары, відна ратуша.
— Дзе, дзе, ага! Дык ніякае мяжы, Сымоне, ня відаць?
Сымон не адказаў.
— А, цяпер я пазнаю. Гэта-ж унь двор нашага пана.
— Але.
— Ага, от як. Шпарчэй хадзем. У гарадку спыняцца ня будзем; гэта-ж зараз наша вёска!
Стары зноў на хвілін пяць шпарчэй рвануўся.
Як увайшлі яны ў горад, як прайшлі першую драўляную вулічку, прыселі ля трухлявага дамка, нізкага, крывога, да якога была прыбудавана доўгая стадола. Неўзабаве адчыніліся ў стадоле дзьверы і адтуль выехала некалькі сялянскіх фурманак.