— Э-э, не-не. Я ў гэтыя справы ня ўмешваюся: аконам наглядае за работаю, ён і парабкоў падбірае.
— Я гэта, паночку, не на вас казаў…
— Не пра мой гэта ты жывот казаў?.. ха-ха-ха…
Тады раптам іншая думка запанавала ў парабка: ён абышоў ужо ўсе навакольныя двары і ўжо ўсялякую надзею страціў. Тут зноў-жа ня прымаюць і, відаць, ніколі ня прымуць! Што рабіць?
— Дык няхай пан будзе ласкавы дазволіць мне пабудаваць хатку на тэй панскай камяніцы, што ляжыць аблогам, прападае марна. У мяне рублёў трыццаць ёсьць сабраных за жыцьцё грошай, я куплю дзе-небудзь старыя сьцены і забудуюся. Хоць прытулак мець буду.
— Я можа-б табе і дазволіў, але-ж што выйдзе. Будзе тое, што на маёй зямлі будзе чужая хата стаяць. Як-жа гэта можа быць?
Тут парабак заплакаў, можа нават першы раз у жыцьці. Пан тады ласкава ўсьміхнуўся:
— Купі ў мянё валок пяць зямлі. Я прадам. Я ўвесь той клін, ад вёскі, зьбіраюся прадаць.
Парабак выцер сьлёзы і паставіў рубам сэрца:
— Пану добра жартаваць.
— Ну дык і ты-ж жартаўнік. Мы, значыцца, абодва сабраліся жартаўнікі: я табе зямлю прадаю, а ты мне па жываце хлопаеш.
Парабак скланіўся пану і пайшоў. Раптам нагадзілася пані: яна глядзела праз акно на ўсё гэта і цяпер вышла на ганак, дзе сядзеў пан.
— Дазволь яму паставіць хату, нашто трэба не дазваляць яму. Мужыкі ўсё адно адкупяць зараз тыя палеткі.
— Чакай! — гукнуў пан.
Парабак вярнуўся, яшчэ здалёк зьнімаючы шапку.
— Стаў сабе хату, з самага краю ля мужычага поля.
Пакуль парабак пану дзякаваў, пан ужо ня думаў больш пра гэта: пад’ехаў фаятон — пан выяжджаў кудысьці. Парабак адумаўся толькі тады, калі ўжо ня было перад яго вачыма пана, адно пыл курэў з-пад гумавых колаў. От тады парабак радасна і рушыў на агляд панскага падарунку. Ён нешта дзён тры ўсё засаб прыходзіў сюды і кожны раз нёс адсюль у сэрцы сваім няясныя надзеі і сам сябе падбадзёрваў.