Лес, апрацаваны на панскай пільні, некуды ішоў. Гэтак гінуў лес ля гарадка. Мясцовасьць зьменьвалася дарэшты. Скрозь мясцовасьць то драбілася на яшчэ меншыя загончыкі, то зьбіралася ў асадніцкія фальваркі і заможніцкія хутары. Восені вецер гнаў па дарогах пыл, шастаў у быльнягох на шырокіх межах, плыў па верхавіньні старасьвецкіх бяроз на пустым гасьцінцы. Ваўкі вылі начамі ў кустох, дзе пад месячным сьвятлом бялявіліся сьнежныя пні ад нядаўнага лесу. Там адбываліся панскія і паўпанскія паляваньні. Рысістыя коні жавалі цуглі, гонячы пыл з пад колаў панскіх фаэтонаў, скарбовыя прыганятыя, стоячы ля дарогі над парабкоўскім каркам, зьнімалі шапкі перад гэтымі фаэтонамі, з кляштарных і касьцельных амбонаў гаварылася казань, званы праводзілі сваімі галасамі ў вечнасьць кожны дзень. Парабкі цягнулі вужышча свае працы на панскім полі праз каторы ўжо век, праз доўгія вякі, ад бацькоў, дзядоў, і далей у глыб цёмнага часу. Каравыя анучы, вечнае зрэб’е, лыка; гора і бяда — спрэс засланялі сьвет і ніякае прасьветласьці за імі ня відаць у гэтым панстве. Жэч Паспалітая асталявалася тут у фальварках і панскіх маёнткех, з магнатамі, лёкаямі, падпанкамі, войтамі і падвойтычамі, і скарбовымі прыганятымі і калі ня з прыгоннымі нявольнікамі, дык з галоднымі парабкамі.
Рыгор Чуйка прайшоў шмат мясцовасьці, пазнаў усё гэта так выразна, як пазнаваў цяпер тое самае ў зьмене твару зямлі тут ягоны бацька. Ён знайшоў тут на панскай пільні сваіх людзей (панская пільня! Яна належала пану, а трымаў яе ад пана і багацеў з яе нейкі падпанак з гарадка).
Сымон Чуйка і сам ля пільні чакаў нямаведама чаго, разам з усімі тымі, што церліся ў гэтай мясцовасьці, у гэтым кутку, поблізу свайго аселішча. Цесьляры з сякерамі выходзілі кожную раніцу да гарадка, у яго, чакалі на рынку калі хто-небудзь з гарадзкіх мяшчан пакліча іх раскалоць шурку дроў, муляры дык нават выходзіць нікуды не адважваліся — нашто яны каму трэба? Кожны, хто меў дзе работу — дрыжэў за яе, трымаўся яе.
Аднойчы Чуйка перабыў ля пільні аж да канца работы на ёй. І тады, перад змрокам, пачаў распытваць у людзей:
— Ці магу я знайсьці тут Чуйку Рыгора? Ён тут недзе ці працуе, ці працаваў.
Яму адразу адказалі хтосьці з рабочых:
— Э, яго тут няма цяпер.