над вачыма — цёрся ўсё ў самай сярэдзіне шляхтаватага натоўпу і ўсё падвільваў ля вусатага чалавека ў старасьвецкім футры. Гэты вусаты чалавек трымаў рукі ў рукавох, відаць прыемна адчуваючы цяпло, выгаднасьць адзежы. Твар яго рабіў часамі спробы ясьнець ад усьмешкі, калі гэтага вымагаў момант з трапяткое гаворкі таго чалавека ў кароткай бравэрцы і глянсаваных ботах:
— … не падыходзь да законнэго ложка. Так закрычала мнішка.
— Што, што гэта было? — усадзіў раптам бараду ў натоўп вусаты шляхціц, занепакоены, што спазьніўся на пачатак гутаркі.
— А, пане Мазавецкі! — прывітаў яго хтосьці з паважных людзей.
Апроч Мазавецкага яшчэ больш падышло і кароткай бравэрцы давялося яшчэ лішні раз спачатку расказаць.
— … Значыцца ўкраліся яны да мнішак і давай шукаць дабра. Грошай шукалі. Рабаваць кляштар узяліся. А іх чалавек можа з дваццаць усіх. Ноч, цёмна, а навокал заўсёды дагэтуль было спакойна, дык каму гэта ўголаў, васпане! А мнішка, як толькі падышоў адзін да яе, дзе яна спала, спакойна сказала яму — ня сьмей падыходзіць да законнэго ложка.
— Дык ён што?
— Дык ён што? Дык ён, васпане, і адышоў адразу.
— Не пасьмеў там грошай шукаць? А можа яны там якраз і былі, — падала нецярплівы голас нейкая простая душа, захопленая ня так сілаю слова мнішкі, як романтычнасьцю і прыгодніцтвам усяе справы, і гатовая можа нават пашкадаваць, што ня вышла да канца таемная, а значыцца і цікавая работа нейкага адважнага чалавека, напэўна героя.
— А можа яны там і былі? Галава, васпане, у вас, — перакрывіў яго той, што расказваў, — ведама што яны там былі, гэтыя кляштарныя грошы. Над ложкам у старэйшае мнішкі укрыжаваны езус, а пад ложкам грошы ў гэтакі час якраз хаваліся.
— А што, хіба раней было вядома, што рабаўнікі прыдуць у кляштар? — ня сьціхала простая душа.
— Вядома было. Галава ў вас, васпане! Цяпер гэтакі час, што заўсёды трэба сьцерагчыся. Што-ж, пад бокам бальшавіцкая мяжа. Мала сюды бальшавікі сваіх людзей перакідаюць рабаваць?