— Здрастуйце, гаспадзін Сурвіла, — адказаў ён на сурвілаўскае прывітаньне.
— Я хацеў-бы да вас на двор заехаць, на малы час, — папрасіў Сурвіла.
Усё-адно як сьвяты дух сышоў раптам на прыстава — гэтак адразу ўсё яму ясна стала, на што гэта Сурвіла набіваецца ўз’ехаць да яго на двор. І ён адразу, у знак таго, што дазваляе гэта Сурвілу, адказаў:
— У мяне было сужденіе ў канцылярыі. Вашага сына прыняць прыдзецца на службу.
Сурвіла, не чакаючы больш формальнага дазволу, шпарка ўпрог у аглоблі кабылу і рушыў на двор ратушы. Прыстаў падаўся ў дом. Неўзабаве пакаёўка прымала на дварэ ад Сурвілы дзежку з мёдам, а сам прыстаў стаяў на ганку і запрашаў Сурвілу, паказваючы рукою на лаўку:
— Садзіцесь, гаспадзін Сурвіла.
Сурвіла сеў і адразу расказаў, якую яны з Мазавецкім справу пачынаюць рабіць. Прыстаў зацікавіўся і нават парады пачаў падаваць. Відаць было адразу, што калі тут будзе яшчэ адна дзежка мёду, дык справа можа дайсьці нават да самага гарачага сяброўства. Тымчасам, падышоў і сам малады Сурвіла — пульхны выглянсаваны хлопец. Прыстаў яго адразу і прывітаў з пачаткам яго кар’еры: пакуль што, вядома, пісарчук, але кожны спрытны чалавек павінен выслужыцца.
— Я і сам пачынаў з малога чыну, — пацьвердзіў прыстаў і Сурвільчык спрытна падзякаваў, шмаргнуўшы падэшваю чаравіка па ганку.
Прыставу гэта вельмі спадабалася. А тут яшчэ ўзрадаваны стары Сурвіла падаў танюсенькую, далікатную, як толькі ўмеў, заўвагу, што ў яго яшчэ пчолы не зьявіліся, таксама і парсюкі кормяцца гэтакія, што хоць у Варшаву адпраўляй. Прыстаў тут адразу выказаў першыя адзнакі сяброўства і прыхільнасьці свае да абодвых Сурвілаў. Гэтак удала, пад гэткаю паважнаю апекаю, сурвільчык пачынаў у гэты дзень сваю кар’еру.
Леапольд Гушка знайшоў Сурвілу на гэтым самым ганку. Прыстаў усё яшчэ гутарыў з Сурвілам. Гушка крыху прыбянтэжыўся, убачыўшы прыстава: гэтакага начальства гэтак блізка ба-