чыць ён не спадзяваўся, калі ішоў сюды. Сурвіла паківаў яму пальцам:
— О-о, сюды, сюды!
Гушка падышоў. Прыстаў зьдзіўлена глядзеў на дзіўнага чалавека: нялюдзкая нейкая шапка была на ім. Сурвіла растлумачыў:
— Гэта пра куплю зямлі будзем згаворвацца з ім.
— І ён купляе зямлю?
— Думае.
Прыстаў тут глянуў на Гушку як не на якую-небудзь зусім драбязу. Гушка ўсё стаяў сумеўшыся.
— А чаму ў вас шапка гэтакая?
— Гэта, пане, у мяне захавалася, як у нас там носяць.
— Дзе гэта?
— Мы, бацька мой, значыцца, з Сілезіі прыехаў сюды.
— Але падданства расійскае вы ўжо маеце?
Гушка сьпярша падумаў, што гэта пытае прыстаў. Пасьля здагадаўшыся, вінавата скрывіў губы ва ўсьмешку:
— Не, мы падданства ня прымалі.
— Дык як-жа вы зямлю зьбіраецеся купляць, ня меўшы тутэйшага падданства?
Гушка зьбянтэжана маўчаў.
— Як-жа гэта, павінны прыняць падданства.
Тут Сурвіла падаў голас:
— Ну, калі трэба прыняць, дык і прыняць. Што-ж там!
Гэта было Гушку як пярун з неба: спачатку, калі Мазавецкі, спаткаўшы яго па дарозе з касьцёлу, растлумачыў яму, пра што яму варта пайсьці пагаварыць з Сурвілам, ён адчуў, як радасная надзея яго ўсяго ўскалыхнула: сярод добрых людзей, разам з імі, ён як-небудзь агорае сабе зямлі крыху і пачне жыць па чалавечы. Толькі думка пра грошы адразу разанула яго. Але Мазавецкі растлумачыў, што на дзесяціны дзьве, або тры адразу ня так шмат грошай і трэба: трэба на задатак, а пасьля можна на выплату. Леапольд Гушка падумаў: можна на гэтакую шчасьлівую справу і адзежу, якая ёсьць, прадаць, і нават усё, што ў хацё ёсьць, пакрысе, жывучы, зноў гэта набудзецца. І ўдзячны Мазавецкаму і Сурвілу, што яны пра яго ўспомнілі ў гэтакай справе, што хочуць яму памагчы, пайшоў да ратушы. Тымчасам, падданства гэтае, яго ашаламаніла. Ён адно разьвёў рукамі і ня