ведаў што сказаць. Прыстаў нават ужо гатовы быў убачыць тут крамолу. Тут Сурвіла зноў сказаў:
— Што-ж, падданства, дык падданства.
І пачаў зьбірацца дадому. Сын яго пайшоў ужо ў горад з бацькам. Цяпер ён ужо дадому не паедзе, астанецца тут, заўтра яму ў канцылярыі трэба быць. І заўтра-ж бацька зноў сюды прыедзе, улягоўваць яго на кватэры.
Сурвіла міргнуў Гушку, каб ён садзіўся на воз. Той сеў. Сурвіла горадам праехаў паволі, каб ня трэсла па бруку. А за горадам пагнаў кабылу моцна. І ўсю дарогу ўгаварваў Леапольда Гушку, што яму адно і застанецца — прыняць падданства. Гушка маўчаў, зьвесіўшы ногі з боку драбіны над дарогаю. Магерка з брылем налезла яму на самыя вочы. Сьвятло радасных надзей туманілася тым, пра што ён дагэтуль ніколі ня думаў.
3. ПУСТАЯ ХАТА
У нядзелю зранку высокі хлопец падышоў да Гушкавае хаты. Відаць ён не малую дарогу прайшоў шпарка, бо расчырванеўся ад хады. Ён прайшоў упоперак праз хвойнік і, стаўшы ля хаты, адно-момантным зіркам акінуў навокал тут разьлегласьць і як-бы з расчараваньнем нейкім, хутчэй падаўся ў хату.
— От і Адаська, — спаткала яго з парогу яшчэ ў хаце жанчына. — Як-жа гэта ты, сынок?
— На нядзелю адпрасіўся ў аконома, а пару коняй маіх таварышы там сёньня дагледзяць. А ўвечары зноў там буду.
— Ну, як табе на новай службе?
— Ат, мама, што тут лішне гаварыць, от служу.
— І нічога аконам не ўспамінае табе таго, за што бацьку прагнаў са службы?
— Не… Яшчэ не ўспамінаў.
— От можа гэтак і лепш будзе, на сталай службе. А то, як дагэтуль, улетку арэш, а зімою і работы не дастаць.
Сын на гэта нічога не адказаў, а пачаў прыглядацца да ўсяго, што рабілася ў хаце. Тут быў сапраўдны разрух. Крывабокая, абточаная ўся шашлем шафа стаяла адцягненая ад сьцяны. Яна была адчынена. У ёй было пуста. На лаўцы перад ёю ляжала ўся выбраная з яе адзежа: Бацькаўская сьвяточная, кароткае да