— Ды я не пра гэта, — перацяў ягоныя словы прыстаў, вельмі узрадаваўшыся. — Я пра тое, — што чуваць у вас добрага, як жывеце.
І тут-жа падумаў: «Эйш, сукін сын, мужлан. Адразу стараецца, каб я не забыўся, што гэта ўжо другая дзежка мёду!»
— Як жывом, ваша правасхадзіцельства! Жывом. Зямлю купілі. Цяпер раздаем сваім дробным хаўрусьнікам. Некаторыя кажуць, што я іх, з Мазавецкім, ашукаў, што ім горшую зямлю даю, што сабе лепшую узяў. Я пра гэта і прашу міласьці вашага сіяцельства. Каб, значыцца, калі што якое, дык каб памаглі. Заняўся з гэтым хамаўём. Вы сабе ня можаце прадставіць, ваша высокаправасіяцельства…
У гэты час моцныя галасы пачуліся дзесьці за сьцяною, углыбі ратушы. Нейкі атупелы і змардаваны голас гукаў:
— Ты ў мяне зараз усё скажаш.
Пасьля гэтага штосьці загрукала, пасьля плюхнула вада. Сурвіла ня мог уседзець спакойна: па змардаваным голасе ён пазнаў свайго сына. Прыстаў, пачуўшы грукат, выскачыў і праз хвіліну Сурвіла пачуў ягоную заядлую команду:
— Пракраціць! Вывясьці!
А чшчэ праз момант выскачыў адтуль малады Сурвільчык з расквашаным носам. Ля вока ў яго быў чорны сіняк, а з носа цякла кроў.
— Што з табою, сынок! — кінуўся да яго стары Сурвіла.
Прыстаў, увайшоўшы, загадаў Сурвільчыку зараз-жа расказваць.
Адась Гушка на допыце трымаўся ўвесь час спакойна. Ён упарта маўчаў, калі ў яго пыталі, дзе ў гарадку шукаць ягонае організацыі. Прыстаў і пісарчук Сурвільчык змардаваліся з ім за некалькі гадзін. Прыстаў як вышаў, Сурвільчык захацеў выслужыцца адным махам. Ён пачаў адразу націскаць на Адася.
— Я нічога ня ведаю, — загаварыў ціха змучаны Адась.
Сурвільчык раптам узарваўся з месца, хапіў з пад стала збан вады і лінуў на Адася. Той адразу, з гарачкі, адным махам кулака абараніў сябе.
— А сынок-жа мой, — заенчыў цяпер стары Сурвіла. — І каб хто, а то гэтага сьлянзака сын. Гада гэтага. Бяжы, сынок, на кухню, памыйся хаця.