за апошнія гады два вырас і зьмяніўся, зьмяніўся і салдат. Салдат пусьціўся з хлапчуком у гаворку:
— Што ты тут робіш?
— Каня пасу.
— Нашто-ж ты яго пасеш? Цяпер-жа няма тут нідзе шкоды.
— Ого! Спусьці адно з вока, дык уцекачы, што езьдзяць тут па гасьцінцы, як бачыш забяруць.
— Хто гэта дом там будуе?
— Чалавек з нашай вёскі.
— А як ён завецца, гэты чалавек?
— Нашто вам? Вы хіба тут людзей ведаеце?
— Не, я так сабе хачу ведаць.
— Ён завецца Сурвіла.
— У яго хіба хаты няма?
— Чаму няма! Хата ёсьць. Але гэта ён сабе тут гэты кавалак зямлі купіў і цяпер на хутар выбіраецца. Забудоўвае хутар.
— І вайны не баіцца?
— Ну дык ён пачаў будаваць яшчэ як вайна была далёка. А цяпер, вядома, ня будуе. Бачыце, што накрыў саломаю, каб зруб ня гніў. А агарод сеяў.
— А ён хіба багаты, што гэтакі дом пачаў будаваць?
— Ого! Ён, і яшчэ Мазавецкі ёсьць, што жыве ў вёсцы на той бок рэчкі, унь за тэй лагчынаю. Наша вёска паабапал рэчкі. Некаторыя думаюць, што гэта дзьве вёскі, а гэта адна. Дык Сурвіла з Мазавецкім самыя багацейшыя ў нас.
— Яны цяпер забагацелі, ці былі гэтакія?
— Яны і былі багатыя. А цяпер — дык вельмі яшчэ ўгару пайшлі. Ім пашанцавала.
— Як-жа ім пашанцавала?
— Яны ў пана зямлю адкупілі. Гэта што унь на той бок вёскі скрозь цягнуцца палосачкі.
— Дык нашто-ж яны пабілі сваю зямлю на палосачкі?
— Ай, гэта як было, я вам зараз раскажу.
— Ну, ну, раскажы, — усьміхнуўся салдат.
— Гэта пан зямлю спродваў. Ды не прадаваў пакрысе, колькі хто мог купіць, а зараз усё. А ў Сурвілы і Мазавецкага ня было грошай, каб зараз усё купіць, дык яны надумаліся: падгаварылі нашых людзей, дык уся вёска пашылася ў гэту куплю. У каго колькі было грошай, той іх усе і аддаў Сурвілу і Мазавецкаму.