— Зараз трэба будзе формаваць салдацкі комітэт.
— А што?
— Толькі што ўдалося атрымаць паведамленьне: адбылася рэволюцыя. Цар выракся трону… Трэба рыхтавацца да салдацкага сходу, зранку.
— Ура! — не закрычаў, а сказаў малады салдат і сеў скраю ўслона.
Пачалася нарада.
Ішло пад дзень. З гэтага вагона вестка зараз-жа пайшла па ўсіх эшалёнах, з вагона ў вагон. Радаснае ўзбуджэньне запанавала ў гэтым цёмным, не асьветленым ліхтарамі кутку. На пустых дагэтуль пляцоўках перад вагонамі заварушыліся людзі. Пагруквалі ў вагонах дзьверы, раз-по-разу адчыняючыся. Нарэшце салдаты пачалі зьбірацца натоўпамі. Большы натоўп быў, і ўсё выростаў, перад трыма зялёнымі рудымі вагонамі, дзе было камандваньне.
Вартавыя былі ўжо разам з ўсімі.
Днела.
Стары генэрал стаяў на вагонных усходах. Загад яго быў грозны. Ён яшчэ ўспомніў слова «пад суд», але неўзабаве яго сьцяглі з яго месца:
— Ты хаваў ад нас дагэтуль рэволюцыю!
— Зараз-жа пусьціць эшалён назад, у тыл, дадому, даволі ваяваць!
— А-а-а, ваша прасхадзіцтва!..
У генэрала былі сівыя валасы каля вушэй. Хтосьці з салдатаў ужо стаяў на яго ранейшым месцы на вагонных усходах і трымаў над яго галавою ліхтар. У чырвоным сьвятле генэральскі твар яшчэ больш быў стары; ён асунуўся раптам, сківіцы задрыжэлі, барада паяжджала ўбакі ад натугі штосьці сказаць. Нарэшце ён затросься, закрычаў, можа нават у апошні раз:
— «Отечество в опасности!..»
Рука яго гэтак і асталася, як адрантвелая, над натоўпам: у тую-ж Хвіліну, як ён пачаў гаварыць, да яго падскочыў рухавы салдат. Твар ў салдата быў даўно няголёны, барада была зьлямцована, вочы чырвоныя, з бессані. Зімовая шапка была ўскінута высока на шырокі лоб. Ён, як толькі падскочыў да генэрала, адразу скубянуў яго за плячо. Генэральскі пагон адляцеў ўбок. Тады салдат рвануў і за другі пагон. Генэрал ўпёр бараду ў гру-