заўважыць. Сапраўды пад бярозаю стаяў чалавек. Цяпер ужо стары як мае быць бачыў высокую постаць.
— Хто йдзе? — быў голас з пад дрэва.
— А гэта хто? — пасьмялеў стары, з голасу пазнаўшы вясковага чалавека.
— Хто?.. чалавек…
— Ну і я чалавек…
— А куды ты ідзеш?
— Куды іду?
І стары сказаў адкуль ён ідзе і куды. Ён падышоў ужо блізка і бачыў перад сабою высокага чалавека, заўважыў нават, што той у лапцях. Здалося яму нават, што той зусім малады. Той найбольш маўчаў, пакуль усё пытаць стараўся і слухаць. А стары рад быў расказваць яшчэ раз па дарозе пра сваю бяду.
— …Так мне асталося ісьці якіх вярстоў пятнаццаць… Дык от ледзьве іду, ногі ад хады праўцом сталі…
— Дык чаго-ж ісьці аж уночы? Чаму не адпачыць дзе па дарозе, пакуль днець не пачне?
— Бо душа мая неспакойная, дадому хутчэй рвуся. Пакінуў усё там у гэтакім рэзруху. Аж тыдняў два таму.
— У якім рэзруху?
— А гэта як было… У нас там бяда ў вёсцы… Звачыцца нашыя, сказаць, людзі такі і навялі іх…
— Якія гэта вашыя людзі?
— Суседзі, можна сказаць, адно што паадсяляліся на адлегласьць за гэтыя часы.
— А што-ж ім гэта наводзіць канешне было?
— А гэта от як рабілася. Два іх. Адзін — дык войт. Дык і таму што войт, і таму што сам тут у гэтай справе сябе ў крыўду папусьціць ня хоча. А тут якая там яго крыўда, калі мы адно свайго ўласнага дамагаемся. Яшчэ да вайны пачалася ўся гэтая валаводзіна. Адкупілі мы ў пана зямлю. Можна сказаць усёй вёскай адкупілі. Але ні самі ад пана, а цераз іхнія рукі — Мазавецкага і Сурвілы. Бо вядома, мы народ дробны, бедны ўсё найбольш, адкуль тыя ў нас грошы. Дык яны нам самі зямлю панскую выдавалі, а мы ім за процанты адраблялі, а доўг пакрысе