Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/106

Гэта старонка не была вычытаная

— А ты, — перапыніў Аркадзій, — на сябе спадзяешся? Ты высокай думкі пра самога сябе?

Базараў памаўчаў.

— Калі я сустрэну чалавека, які не спасаваў-бы перада мною, — прагаварыў ён з расстаноўкаю, — тады я змяню сваю думку пра самога сябе. Ненавідзець! Ды вось напрыклад, ты сягоння сказаў, праходзячы міма хаты нашага старасты Філіпа, — яна такая слаўная, белая, — вось, сказаў ты, Расія тады дасягне вышыні, калі ў апошняга мужыка будзе такое-ж памяшканне, і ўсякі з нас павінен гэтаму дапамагаць... А я і ўзненавідзеў гэтага апошняга мужыка, Філіпа альбо Сідара, для якога я павінен са скуры лезці, і які мне нават дзякуй не скажа... ды і на што мне яго дзякуй. Ну, будзе ён жыць у белай хаце, а з мяне лопух расці будзе, — ну, а далей?

— Годзе, Еўгеній... паслухаць цябе сягоння, мімаволі згодзішся з тымі, якія папракаюць нас у адсутнасці прынцыпаў.

— Ты гаворыш, як твой дзядзька. Прынцыпаў наогул няма — ты пра гэта не здагадаўся дагэтуль! А ёсць адчуванні. Усё ад іх залежыць.

— Як так?

— Ды як-жа. Напрыклад, я: я прытрымліваючыся адмоўнага кірунку — у сілу адчування. Мне прыемна адмаўляць, мае мазгі так пабудаваны — і ўсё тут! Чаму мне падабаецца хімія? Чаму ты любіш яблыкі? — таксама ў сілу адчування. Гэта ўсё адзінае. Глыбей гэтага людзі ніколі не глянуць. Не ўсякі табе гэта скажа, ды і я ў другі раз табе гэтага не скажу.

— Што-ж? і сумленнасць — адчуванне.

— Канешне!

— Еўгеній! — пачаў сумным голасам Аркадзій...

— А? Што? не па густу? — перапыніў Базараў. — Не, брат! Наважыўся ўсё касіць — валі і сябе па нагах!.. Аднак мы даволі філасофствавалі. «Природа навевает молчание сна», сказаў Пушкін.

— Ніколі ён нічога падобнага не сказаў, — прамовіў Аркадзій.

— Ну, не сказаў, дык мог і павінен быў сказаць, як паэт. Дарэчы, ён, напэўна, на ваеннай службе служыў.

— Пушкін ніколі не быў ваенным!

— Будзь ласкаў, у яго на кожнай старонцы: «На бой, на бой! За гонар Расіі!»

— Што ты гэта за небыліцы выдумляеш! Гэта-ж паклёп, нарэшце.