Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

— Прыказчык у цябе ўсё той-жа?

— Вось хіба што прыказчыка я змяніў. Я вырашыў не трымаць болей у сябе вольнаадпушчаных, былых дваровых, альбо, прынамсі, не даручаць ім ніякіх пасад, дзё ёсць адказнасць (Аркадзій паказаў вачыма на Пятра.) Il est libre, en effet[1], — заўважыў упоўголас Нікалай Пятровіч, — але-ж ён — камердынер. Цяпер у мяне прыказчык з мяшчан: здаецца, путны хлопец. Я яму прызначыў дзвесце пяцьдзесят рублёў у год. Урэшце, — дадаў Нікалай Пятровіч, паціраючы лоб і бровы рукою, што ў яго заўсёды было адзнакаю ўнутранога замяшання, — я табе зараз сказаў, што ты не знойдзеш змен у Мар’іне... Гэта не зусім правільна. Я лічу сваім абавязкам папярэдзіць цябе, хоць...

Ён запнуўся на момант і казаў ужо далей па-французску.

— Строгі мараліст палічыць маю адкрытасць не да месца, але, па-першае, гэта схаваць нельга, а па-другое, табе вядома, у мяне заўсёды былі асаблівыя прычыны наконт адносінаў бацькі да сына. Урэшце, ты, канешне, будзеш мець права асудзіць мяне. У мае гады... Словам, гэта... гэта дзяўчына, пра якую ты, напэўна, ужо чуў...

— Фенічка? — развязна спытаўся Аркадзій.

Нікалай Пятровіч пачырванеў. — Не называй яе, калі ласка, уголас... Ну, але... яна цяпер жыве ў мяне. Я яе памясціў у доме... там былі два невялікія пакоікі. Урэшце, гэта ўсё можна змяніць.

— Будзь ласкаў, папаша, нашто?

— Твой прыяцель у нас гасціць будзе... няёмка...

— Наконт Базарава ты, калі ласка, не турбуйся. Ён вышэй ад усяго гэтага.

— Ну, ты, нарэшце, — прамовіў Нікалай Пятровіч. — Флігельчык дрэнны — вось бяда.

— Будзь ласкаў, папаша, — падхапіў Аркадзій, — ты як быццам прабачэння просіш; як табе не сорамна!

— Канешне, мне павінна быць сорамна, — адказаў Ніка-лай Пятровіч, усё больш і больш чырванеючы.

— Годзе, папаша, годзе, зрабі ласку! — Аркадзій ласкава ўсміхнуўся. «У чым прабачэння просіць!» — падумаў ён сам сабе, і пачуццё спагадлівай пяшчотнасці да добрага і мяккага бацькі, змешанае з адчуваннем нейкай потайнай перавагі, напоўніла яго душу. — Кінь, калі ласка, — паўтарыў ён яшчэ раз, мімаволі цешачыся свядомасцю ўласнай развітасці і волі.

Нікалай Пятровіч глянуў на яго з-над пальцаў рукі, якою ён ўсё цёр сабе лоб, і нешта кальнула яго ў сэрца... Але ён тут-жа абвінаваціў сябе.

  1. Ён, сапраўды, вольны.