Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/111

Гэта старонка не была вычытаная

— Ці не хочаш смародзінавай вады, Енюшачка? — спыталася Арына Влас’еўна.

Базараў толькі плячыма паціснуў.

— Не! — казаў ён на наступны дзень Аркадзію. — Паеду адсюль заўтра. Нудна; працаваць хочацца, а тут нельга. Адпраўляюся ізноў да вас у вёску; я-ж там усе свае прэпараты пакінуў. У вас, прынамсі, заперціся можна. А то тут бацька мне чаўпе: «мой габінет да тваіх паслуг — ніхто табе перашкаджаць не будзе», а сам ад мяне ні на крок. Ды і няёмка неяк ад яго запірацца. Ну і маці таксама. Я чую, як яна ўздыхае за сцяной, а выйдзеш да яе — і сказаць ёй няма чаго.

— Вельмі яна засмуціцца, — прамовіў Аркадзій, — ды і ён таксама.

— Я да іх яшчэ вярнуся.

— Калі?

— Ды вось як у Пецербург паеду.

— Мне тваю маці асабліва шкода.

— Што так? Ягадамі, ці што, яна табе дагадзіла?

Аркадзій апусціў вочы.

— Ты маткі сваёй не ведаеш, Еўгеній. Яна не толькі вельмі добрая жанчына, яна дужа разумная, сапраўды. Сягоння раніцою яна са мною з поўгадзіны гутарыла, і так путна, цікава.

— Напэўна пра мяне ўсё гаварыла?

— Не пра цябе аднаго была гутарка.

— Можа быць: табе з боку лепей відаць. Калі можа жанчына поўгадзіны гутарку падтрымаць, гэта ўжо знак добры. А я усё-такі паеду.

— Табе нялёгка будзе паведаміць ім гэту вестку. Яны ўсё разважаюць пра тое, што мы праз два тыдні рабіць будзем.

— Нялёгка. Чорт мяне штурхнуў сягоння падражніць бацьку: ён гэтымі днямі загадаў высцебаць аднаго свайго аброчнага мужыка — і вельмі добра зрабіў; але, але, не глядзі на мяне з такім жахам, — вельмі добра зрабіў, таму што злодзей і п’яніца ён страшэннейшы; толькі бацька ніяк не чакаў, каб я пра гэта мог даведацца. Ён вельмі збянтэжыўся, а цяпер мне прыдзецца ў дадатак яго засмуціць... Нічога! Да вяселля загоіцца!

Базараў сказаў: «нічога!» але цэлы дзень прайшоў, раней чым ён адважыўся паведаміць Васілія Іванавіча пра свой намер. Нарэшце, ужо развітваючыся з ім у габінеце, ён прагаварыў з вымушаным пазяханнем:

— Ага... ледзь не забыўся табе сказаць... Загадай заўтра нашых коней да Фядота выслаць на падставу.