Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/112

Гэта старонка не была вычытаная

Васілій Іванавіч здзівіўся.

— Хіба п-н Кірсанаў ад нас едзе?

— Але, і я з ім еду.

Васілій Іванавіч перакруціўся на месцы.

— Ты едзеш?

— Але... мне трэба. Распарадзіся, калі ласка, наконт коней.

— Добра... — загаварыў стары: — на падставу... добра... толькі... толькі... Як-жа гэта?

— Мне трэба з’ездзіць да яго на кароткі час. Я потым ізноў сюды вярнуся.

— Але! На кароткі час... Добра. — Васілій Іванавіч выняў насоўку і, смаркаючыся, нахіліўся ледзь не да зямлі. — Што-ж? гэта... усё будзе. Я быў думаў, што ты ў нас... даўжэй. Тры дні... Гэта, гэта, пасля трох гадоў, малавата; малавата, Еўгеній!

— Ды я-ж табе кажу, што я хутка вярнуся. Мне неабходна.

— Неабходна... Што-ж? Раней за ўсё трэба абавязак выконваць... Дык выслаць коней? Добра. Мы, канешне, з Арынай, гэтага не чакалі. Яна вось кветак выпрасіла ў суседкі, хацела пакой табе прыбраць. (Васілій Іванавіч ужо не спамянуў пра тое, што кожную раніцу, ледзь днела, стоячы на босую нагу ў туфлях, ён раіўся з Цімафеічам і, дастаючы дрыгатлівымі пальцамі адну пашарпаную асігнацыю за другою, даручаў яму розныя закупкі, асабліва налягаючы на харчовыя прыпасы і на чырвонае віно, якое, наколькі можна была заўважыць, вельмі спадабалася маладым людзям.) Галоўнае — воля; — гэта маё правіла... не трэба ўціскаць... не...

Ён раптам змоўк і накіраваўся да дзвярэй.

— Мы хутка ўбачымся, бацька, сапраўды.

Але Васілій Іванавіч, не паварочваючыся, толькі рукой махнуў і вышаў. Вярнуўшыся ў спальню, ён застаў сваю жонку ў пасцелі і пачаў маліцца шопатам, каб яе не разбудзіць. Аднак яна прачнулася.

— Гэта ты, Васілій Іванавіч? — спыталася яна.

— Я, матухна.

— Ты ад Енюшы? Ведаеш, я баюся: ці добра яму спаць на канапе? Я Анфісушцы загадала пакласці яму твой паходны матрасік і новыя падушкі; я-б наш пухавік яму дала, ды ён, помніцца, не любіць мякка спаць.

— Нічога, матухна, не клапаціся, — яму добра. Госпадзі, памілуй нас грэшных, — гаварыў ён далей упоўголаса сваю