Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/113

Гэта старонка не была вычытаная

малітву. Васілій Іванавіч пашкадаваў сваю старэнькую; ён не захацеў сказаць ёй на ноч, якое гора яе чакала.

Базараў з Аркадзіем паехалі на другі дзень. З раніцы ўжо ўсё засмуцілася ў доме; у Анфісушкі пасуда з рук валілася; нават Федзька дзівіўся і скончыў тым, што зняў боты. Васілій Іванавіч мітусіўся больш, як калі-небудзь: ён відаць храбрыўся, голасна гаварыў і стукаў нагамі, але твар яго асунуўся, і вочы заўсёды слізгалі міма сына. Арына Влас’еўна ціха плакала; яна зусім-бы разгубілася і не справілася-б з сабою, калі-б муж з досвітак цэлыя дзве гадзіны яе не ўпрашаў. Калі-ж Базараў пасля неаднаразовых абяцанняў вярнуцца ніяк не пазней месяца, вырваўся нарэшце з утрымліваўшых яго абыймаў і сеў у тарантас, калі коні крануліся, і званок зазвінеў, і колы закруціліся, — і вось ужо глядзець услед было няма чаго, і пыл улёгся, і Цімафеіч, увесь згорблены і, хістаючыся на хаду, паплёўся назад, у сваю каморку, калі сварыя засталіся адны ў сваім, таксама як быццам раптоўна прыгнутым і пастарэлым доме, Васілій Іванавіч, які яшчэ за некалькі момантаў зухавата махаў насоўкаю на ганку, апусціўся на крэсла і схіліў галаву на грудзі. «Кінуў, кінуў нас», загаварыў ён, «кінуў; нудна яму зрабілася з намі. Адзін, як перст, цяпер адзін!» паўтарыў ён некалькі разоў, і кожны раз выносіў сваю руку наперад з аддзеленым паказальным пальцам. Тады Арына Влас’еўна падышла да яго і, прытуліўшы сваю сівую галаву да яго сівой галавы, сказала: «Што рабіць, Вася! Сын — адрэзаны кавалак. Ён, як сокал: захацеў — прыляцеў, захацеў — паляцеў; а мы з табой, як апенькі на пні, — сядзім побач і ні з месца. Толькі я застануся для цябе навекі нязменна, як і ты для мяне».

Васілій Іванавіч адняў ад твара рукі і абняў сваю жонку, сваю сяброўку, так моцна, як і ў маладосці яе не абнімаў: яна суцешыла яго ў яго смутку.

XXII

Моўчкі, толькі зрэдку перакідваючыся нязначнымі словамі, даехалі нашы прыяцелі да Фядота. Базараў быў не зусім сабою здаволены. Аркадзій быў нездаволены ім. Да таго-ж ён адчуваў на сэрцы такую беспрычынную журбу, якая знаёма толькі адным вельмі маладым людзям. Фурман перапрог коней і, узлезшы на козлы, спытаўся: направа, альбо налева?

Аркадзій уздрогнуў. Дарога направа вяла ў горад, а адтуль дамоў; дарога налева вяла да Одзінцовай.

Ён глянуў на Базарава.