Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/122

Гэта старонка не была вычытаная

— Калі ласка, калі ласка, — прамовіла яна нарэшце, і, нагнуўшыся да лаўкі, пачала перабіраць ружы. — Якую вам, чырвоную ці белую?

— Чырвоную, і не надта вялікую.

Яна выпрасталася.

— Вось вазьміце, — сказала яна, але зараз-жа адхапіла працягнутую руку і, закусіўшы губы, глянула на ўваход альтанкі, потым прыпала вухам.

— Што такое? — спытаўся Базараў. — Нікалай Пятровіч?

— Не... яны ў поле паехалі... ды я і не баюся іх... а вось Павел Пятровіч... Мне здалося...

— Што?

— Мне здалося, што яны тут ходзяць. Не... нікога няма. Вазьміце.

Фенічка аддала Базараву ружу.

— Чага вы Паўла Пятровіча баіцеся?

— Яны мяне ўсё пужаюць. Гаварыць — не гавораць, а так глядзяць, не разгадаць. Ды і вы-ж яго не любіце. Помніце, раней вы ўсё з ім спрачаліся. Я і не ведаю, пра што ў вас спрэчка ідзе, а бачу, што вы яго і так круціце, і гэтак...

Фенічка паказала рукамі, як, на яе думку, Базараў круціў Паўла Пятровіча.

Базараў усміхнуўся.

— А калі-б ён мяне перамагаць пачаў, — спытаўся ён, — вы-б за мяне заступіліся?

— Дзе-ж мне за вас заступіцца? Ды не, з вамі не зладзіш.

— Вы думаеце? А я ведаю руку, якая, калі захоча, — і пальцам мяне зваліць.

— Якая такая рука?

— А вы не ведаеце? Панюхайце, як добра пахне ружа, што вы мне далі.

Фенічка выцягнула шыйку і наблізіла твар да кветкі... Хустка спала з яе галавы на плечы; паказалася лёгкая маса чорных, бліскучых, злёгку раскудлачаных валос.

— Пачакайце, я хачу панюхаць з вамі, — прамовіў Базараў, нагнуўся і моцна пацалаваў яе ў раскрытыя вусны.

Яна здрыганулася, уперлася абодвума рукамі ў яго грудзі, але ўперлася слаба, і ён мог аднавіць і прадоўжыць свой пацалунак.

Сухі кашаль пачуўся за бэзам. Фенічка ўмомант адсунулася на другі канец лаўкі. Павел Пятровіч паказаўся, злёгку пакланіўся і, прагаварыўшы з нейкай злоснай панурасцю: «вы тут» — пайшоў. Фенічка зараз-жа падабрала ўсе