Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/126

Гэта старонка не была вычытаная

бязглузда! Якую мы камедыю адкалолі! Вучоныя сабакі так на задніх лапках танцуюць. А адмовіць было немагчыма; ён-жа мяне, чаго добрага, ударыў-бы, а тады... (Базараў пабляднеў пры адной гэтай думцы; уся яго гордасць так і ўзнялася на дыбы.) Тады прышлося-б задушыць яго, як кацянё». Ён вярнуўся да свайго мікраскопа, але сэрца ў яго разварушылася, і спакой, патрэбны для назіранняў, знік. «Ён нас убачыў сягоння», думаў ён, «але няўжо-ж гэта ён за брата так уступіўся? Ды і што тут важнага, пацалунак? Тут што-небудзь другое ёсць. Ба! ды ці не закаханы ён сам? Канешне, закаханы; гэта ясна, як дзень. Які пераплёт, падумаеш!.. Дрэнна!» вырашыў ён нарэшце: — «дрэнна, з якога боку не паглядзі. Па-першае, трэба будзе падстаўляць лоб, і ва ўсякім выпадку паехаць адсюль; а тут Аркадзій... і гэта божая кароўка, Нікалай Пятровіч. Дрэнна, дрэнна».

Дзень прайшоў неяк асабліва ціха і вяла. Фенічкі нібы на свеце не бывала; яна сядзела ў сваім пакоіку, як мышанё ў норцы. Нікалай Пятровіч меў выгляд заклапочанага. Яму данеслі, што ў яго пшаніцы, на якую ён асабліва спадзяваўся, паказалася галаўня. Павел Пятровіч прыгнятаў усіх, нават Пракоф’іча, сваёй халоднай далікатнасцю. Базараў пачаў-быў ліст да бацькі, ды разарваў яго і кінуў на стол. «Памру», думаў ён, «даведаюцца; ды я не памру. Не, я яшчэ доўга на свеце маячыць буду». Ён загадаў Пятру прыйсці да яго на наступны дзень на досвітку, для важнай справы; Пётр уявіў, што ён хоча ўзяць яго з сабою ў Пецербург. Базараў лёг позна, і ўсю ноч яго мучылі бязладныя сны... Одзінцова кружылася перад ім, яна-ж была яго маці, за ёю хадзіла кошачка з чорнымі вусікамі, і гэта кошачка была Фенічка, а Павел Пятровіч ўяўляўся яму вялікім лесам, з якім ён ўсё-такі павінен быў біцца. Пётр разбудзіў яго а чацвертай гадзіне; ён зараз-жа адзеўся і вышаў з ім.

Раніца была добрая, свежая; маленькія, пярэстыя хмаркі стаялі барашкамі на бледна-яснай блакіці; дробная раса высыпала на лісці і траве, блішчэла срэбрам на павуцінні; вільготная цёмная зямля, здавалася, яшчэ захоўвала румяны след зары; з усяго неба сыпаліся песні жаўранкаў. Базараў дайшоў да гаю, прысеў у цяні на ўзлёску і толькі тады адкрыў Пятру, якой ён чакаў ад яго паслугі. Адукаваны лёкай перапалохаўся насмерць; але Базараў супакоіў яго, запэўняючы, што яму другога не будзе чаго рабіць, як толькі зводдаля ды глядзець, і што ні пад якую адказнасць ён не падпадзе. — «А між тым», дадаў ён, «па-