Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/131

Гэта старонка не была вычытаная

Нікалай Пятровіч, — пакуль нам з горада прывязуць другога ўрача.

Базараў моўчкі нахіліў галаву.

Праз гадзіну Павел Пятровіч ужо ляжаў у пасцелі з умела забінтаванаю нагою. Увесь дом перапалохаўся. Фенічцы зрабілася дрэнна. Нікалай Пятровіч цішком ламаў сабе рукі, а Павел Пятровіч смяяўся, жартаваў, асабліва з Базаравым; надзеў тонкую бацістовую кашулю, шчогальскую ранішнюю куртачку і феску, не дазволіў апускаць шторы акон і пацешна скардзіўся на неабходнасць паўстрымацца ад яды.

Пад ноч з ім аднак зрабіўся жар; галава ў яго забалела. З’явіўся доктар з горада. (Нікалай Пятровіч не паслухаўся брата, ды і сам Базараў гэтага не хацеў; ён цэлы дзень сядзеў у сябе ў пакоі, увесь жоўты і злы, і толькі на самы кароткі час забягаў да хворага; разы два яму здаралася сустрэцца з Фенічкай, але яна з жахам ад яго адскоквала.) Новы доктар параіў ахалоджваючае пітво, а, урэшце, пацвердзіў запэўненні Базарава, што небяспекі не прадбачыцца ніякай. Нікалай Пятровіч сказаў яму, што брат сам сябе параніў па неасцярожнасці, на што доктар адказаў «гм»! — але, атрымаўшы тут-жа ў руку 25 рублёў срэбрам, прамовіў: «Скажыце! гэта часта здараецца, праўда».

Ніхто ў доме не клаўся і не раздзяваўся. Нікалай Пятровіч раз-по-раз уваходзіў на цыпках да брата і на цыпках выходзіў ад яго: той забываўся, злёгку вохаў, казаў яму па-французску: «conchez-vous[1]» — і прасіў піць. Нікалай Пятровіч загадаў раз Фенічцы паднесці яму шклянку ліманаду; Павел Пятровіч паглядзеў на яе пільна і выпіў шклянку да дна. Пад раніцу жар трохі павялічыўся, паказаўся лёгкі брэд. Спярша Павел Пятровіч вымаўляў бессувязныя словы; потым ён раптам адплюшчыў вочы і, убачыўшы каля сваёй пасцелі брата, які клапатліва нахіліўся над ім, прамовіў: — А праўда, Нікалай, у Фенічцы ёсць нешта агульнае з Нэлі?

— З якою Нэлі, Паша?

— Як гэта ты пытаешся? З княгіняй Р... асабліва ў верхняй частцы твара. C'est de la même famille[2].

Нікалай Пятровіч нічога не адказаў, а сам сабе падзівіўся з жывучасці старых пачуццяў у чалавеку. «Вось калі ўсплыло», падумаў ён.

— Ах, як я люблю гэту пустую істоту! — прастагнаў Павел Пятровіч, пужліва закідаючы рукі за галаву. — Я не дазволю, каб які-небудзь нахабнік асмеліўся дакрануцца... — гаварыў ён некалькі момантаў потым.

  1. Кладзіцеся вы.
  2. Адной сям‘і.