Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/133

Гэта старонка не была вычытаная

домам, ён толькі сплюнуў і, прамармытаўшы: «панічы праклятыя», лепей закутаўся ў шынель.

Паўлу Пятровічу хутка палягчэла; але ў пасцелі давялося яму праляжаць каля тыдня. Ён зносіў свой, як ён казаў, палон даволі цярпліва, толькі ўжо вельмі вазіўся з туалетам і ўсё загадваў пырскаць адэкалонам. Нікалай Пятровіч чытаў яму часопісі; Фенічка яму прыслугоўвала па-ранейшаму, прыносіла бульён, ліманад, яйкі ўсмятку, чай; але потайны жах апаноўваў яе кожны раз, калі яна ўваходзіла ў яго пакой. Нечаканы ўчынак Паўла Пятровіча запалохаў ўсіх людзей ў доме, а яе больш за ўсіх; адзін Пракоф’іч не збянтэжыўся і гаварыў, што і ў яго час паны дзіравіліся, «толькі шляхетныя паны паміж сабою, і гэтакіх прайдзісветаў яны-б за грубіянства на стайні адлупцаваць загадалі».

Сумленне амаль не папракала Фенічку; але думка аб сапраўднай прычыне сваркі мучыла яе часамі; ды і Павел Пятровіч глядзеў на яе гэтак дзіўна... так, што яна, нават адвярнуўшыся да яго спіною, адчувала на сабе яго вочы. Яна пахудзела ад няспыннай унутраной трывогі і, як водзіцца, стала яшчэ прывабней.

Аднойчы, справа была раніцою, Павел Пятровіч добра сябе адчуваў і перайшоў з пасцелі на канапу, а Нікалай Пятровіч, даведаўшыся аб яго здароўі, пайшоў на гумно. Фенічка прынесла кубачак чаю і, паставіўшы яго на столік, хацела было выйсці. Павел Пятровіч яе ўтрымаў.

— Куды вы так спяшаецеся, Фядос’я Нікалаеўна, — пачаў ён, — хіба ў вас справа ёсць?

— Не... Трэба там чай наліваць.

— Дуняша гэта без вас зробіць; пасядзіце трошкі з хворым чалавекам. Дарэчы, мне трэба пагаварыць з вамі.

Фенічка моўчкі прысела на край крэсла.

— Паслухайце, — прамовіў Павел Пятровіч і пасморгаў свае вусы, — я даўно хацеў у вас запытацца: вы як быццам мяне баіцеся?

— Я-с?..

— Але, вы. Вы на мяне ніколі не глядзіце, нібы ў вас сумленне нячыстае.

Фенічка пачырванела, але глянула на Паўла Пятровіча. Ён здаўся ёй нейкім дзіўным, і сэрца ў яе ціхенька задрыжэла.

— У вас-жа сумленне чыстае? — спытаўся ён у яе.

— Чаму-ж яму не быць чыстым? — шапнула яна.

— Ці мала чаму? Урэшце, перад кім можаце вы быць вінаватаю? Перада мной? Гэта неверагодна. Перад другімі