Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/140

Гэта старонка не была вычытаная

толькі няроўнасць цяжкая. А паважаць сябе і пакарацца, гэта я разумею; гэта шчасце; але залежнае існаванне... Не, даволі і так.

— Даволі і так, — паўтарыў за Кацяю Аркадзій. — Але, але, — казаў ён, — вы нездарма адной крыві з Аннай Сяргееўнай, вы гэтак-жа самастойныя, як яна; але вы больш скрытыя. Вы, я ўпэўнены, ні за што першая не выкажаце свайго пачуцця, як-бы яно ні было моцнае і святое...

— Ды як-жа іначай? — спыталася Каця.

— Вы аднолькава разумныя; у вас столькі-ж, калі не больш характару, як у яе....

— Не параўноўвайце мяне з сястрой, калі ласка, — таропка перапыніла Каця, — гэта для мяне надта нявыгадна. Вы як быццам забыліся, што сястра і красуня, і разумная, і... вам асабліва, Аркадзій Нікалаевіч, не трэба было гаварыць такія словы, і яшчэ з такім сур’ёзным тварам.

— Што значыць гэта: вам асабліва, — і з чаго вы бераце, што я жартую?

— Канешне, вы жартуеце.

— Вы думаеце? А што, калі я пераконаны ў тым, што кажу? Калі я лічу, што я яшчэ не даволі моцна сказаў?

— Я вас не разумею.

— Сапраўды? Ну цяпер я бачу: я, праўда, занадта ўзносіў вашу назіральнасць.

— Як?

Аркадзій нічога не адказаў і адвярнуўся, а Каця адшукала ў карзінцы яшчэ некалькі крошак і пачала кідаць іх вераб’ям; але ўзмах яе рукі быў занадта моцны, і яны адляталі прэч, не паспеўшы клюнуць.

— Кацярына Сяргееўна! — загаварыў раптам Аркадзій. — Вам гэта, напэўна, усёроўна, але ведаеце, што я вас не толькі на вашу сястру, — але ні на кога ў свеце не прамяняю.

Ён устаў і шпарка пайшоў прэч, як-бы спалохаўшыся слоў, якія зляцелі ў яго з языка.

А Каця ўпусціла абедзве рукі разам з карзінкаю на калені і, нахіліўшы галаву, доўга глядзела ўслед Аркадзію. Патрохі чырвоная фарба ледзь-ледзь выступала на яе шчокі; але губы не ўсміхаліся, і ў цёмных вачах свіцілася здзіўленае неразуменне і нейкае другое, пакуль яшчэ безыменнае пачуццё.

— Ты адна? — пачуўся каля яе голас Анны Сяргееўны. — Здаецца, ты пайшла ў сад з Аркадзіем.

Каця, не спяшаючыся, перавяла свае вочы на сястру (прыгожая, нават з тонкім густам апранутая, яна стаяла на