Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/145

Гэта старонка не была вычытаная

нават жартуючы з ім, яна адчувала лёгкае скоўванне страху. Так людзі на параходзе, у моры гутараць і смяюцца бесклапотна, ні даць, ні ўзяць, як на цвёрдай зямлі; але здарыся самая малая супынка, з’явіся самая малая адзнака чаго-небудзь незвычайнага, і зараз-жа на ўсіх тварах выступіць выраз асаблівай трывогі, які сведчыць аб заўсёдным усведамленні заўсёднай небяспекі.

Гутарка Анны Сяргееўны з Базаравым цягнулася нядоўга. Яна пачала задумвацца, адказваць раскідліва і прапанавала яму, нарэшце, перайсці ў залу, дзе яны знайшлі князёўну і Кацю. «А дзе-ж Аркадзій Нікалаіч?», спыталася гаспадыня, і, даведаўшыся, што ён не паказваўся ўжо больш за гадзіну, паслала па яго. Яго не хутка знайшлі: ён забраўся ў самую глуш саду і, абапёршыся падбародкам на складзеныя накрыж рукі, сядзеў акунуты ў думы. Яны былі глыбокія і важныя, гэтыя думы, але нясумныя. Ён ведаў, што Анна Сяргееўна сядзіць адзін-на-адзін з Базаравым, і рэўнасці ён не адчуваў, як бывала; наадварот, твар яго ціха святлеў; здавалася, ён і дзівіўся нечаму, і радаваўся, і адважваўся на нешта.

XXVI

Нябожчык Одзінцоў не любіў новаўвядзенняў, але дапускаў «некоторую игру облагороженного вкуса», і ў выніку гэтага ўзвёў у сябе ў садзе, паміж цяпліцаю і сажалкаю, будову накшталт грэцкага порціка з рускай цэглы. На задняй, глухой сцяне гэтага порціка, альбо галерэі, былі прыпушчаны шэсць ніш для статуй, якія Одзінцоў збіраўся выпісаць з-за мяжы. Гэтыя статуі павінны былі выяўляць сабою: Самоту, Маўчанне, Раздум’е, Меланхолію, Сарамлівасць і Чуллівасць. Адну з іх, багіню Маўчання, з пальцам на губах, прывезлі былі і паставілі; але ёй у той-жа дзень дваровыя хлапчукі адбілі нос, і хоць суседні тынкар браўся прырабіць ёй нос «удвая лепшы за ранейшы», аднак Одзінцоў загадаў яе прыняць, і яна апынулася ў кутку малатарнага хлява, дзе стаяла доўгія гады, выклікаючы прымхлівы жах баб. Пярэдні бок порціка даўно зарос густым хмызняком; адны капітэлі калон відаць былі над шчытнаю зеленню. У самым порціку, нават у поўдзень, было халаднавата. Анна Сяргееўна не любіла наведваць гэта месца з той пары, як убачыла там вужа, але Каця часта прыходзіла садзіцца на вялікую каменную лаўку, зробленую пад адною з ніш. Атуленая свежасцю і ценем, яна чытала, працавала альбо аддавалася таму адчуванню поўнай цішыні, якое, пэўна, знаёма кожнаму, і пек-