Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/148

Гэта старонка не была вычытаная

учора са мною, — і не гаварыў ні пра вас, ні пра вашу сястру... Гэта сімптом важны.

— Ён з Кацяю зусім як брат, — прамовіла Анна Сяргееўна, — і гэта мне ў ім падабаецца, хоць, можа быць, мне-б не трэба было дазваляць такую блізкасць паміж імі.

— Гэта ў вас гаворыць... сястра? — вымавіў працягла Базараў.

— Зразумела... але што-ж мы стаім? Пойдземце. Якая дзіўная гутарка ў нас, праўда? І ці магла я чакаць, што буду гаварыць так з вамі? Вы ведаеце, што я вас баюся... і ў той-жа час я вам давяраю, таму што ў сутнасці вы вельмі добры.

— Па-першае, я зусім не добры; а па-другое, я страціў для вас усякае значэнне, і вы мне гаворыце, што я добры... Гэта ўсёроўна, што класці вянок з кветак на галаву мерцвяка.

— Еўгеній Васільіч, мы не ўладныя... — пачала было Анна Сяргееўна; але вецер наляцеў, зашумеў лісцем і панёс яе словы. — Вы-ж свабодныя, — вымавіў, крыху счакаўшы, Базараў. Больш нічога нельга было разабраць, крокі аддаліліся... усё заціхла.

Аркадзій павярнуўся да Каці. Яна сядзела ў той-жа позе, толькі яшчэ ніжэй апусціла галаву.

— Кацярына Сяргееўна, — прагаварыў ён дрыгатлівым голасам і сціснуўшы рукі: — я люблю вас навекі і назаўсёды і нікога не люблю, акрамя вас. Я хацеў вам гэта сказаць, даведацца пра вашу думку і прасіць вашай рукі, таму што я і небагаты, і адчуваю, што гатовы на ўсе ахвяры... Вы не адказваеце? Вы мне не верыце? Вы думаеце, што я гавару лёгкадумна? Але ўспомніце гэтыя апошнія дні! Няўжо вы даўно не пераканаліся, што ўсё другое — зразумейце мяне — усё, усё другое даўно знікла без следу? паглядзіце на мяне, скажыце мне адно слова... Я люблю... я люблю вас... паверце-ж мне!

Каця глянула на Аркадзія важным і светлым позіркам і, пасля доўгага раздум’я, ледзь ўсміхнуўшыся, прамовіла: — Але!

Аркадзій усхапіўся з лаўкі. — Але! Вы сказалі: але. Кацярына Сяргееўна! Што значыць гэта слова? Ці тое, што я вас люблю, што вы мне верыце... Ці.. ці... я не асмельваюся дакончыць...

— Але, — паўтарыла Каця, і гэты раз ён яе зразумеў. Ён схапіў яе вялікія прыгожыя рукі і, задыхаючыся ад шчасця, прыціснуў іх да свайго сэрца. Ён ледзьве стаяў на нагах і толькі ўсё гаварыў: «Каця, Каця»... а яна неяк нявінна заплакала, сама ціха смеючыся з сваіх слёз. Хто не бачыў такіх слёз у вачах любімага стварэння, той яшчэ не зазнаў, да