Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

захавала юнацкую стройнасць і тое імкненне ўгору, прэч ад зямлі, якое большай часткаю знікае пасля дваццатых гадоў.

Павел Пятровіч выняў з кішэні нагавіц сваю прыгожую руку з даўгімі ружовымі пазногцямі, руку, якая здавалася яшчэ прыгажэй ад снежнай белаты рукаўчыка, зашпіленага адзінокім, буйным апалам, і падаў яе пляменніку. Зрабіўшы спачатку еўрапейскае «shake hands»[1], ён тры разы, па-руску, пацалаваўся з ім, гэта значыць, тры разы дакрануўся сваімі пахучымі вусамі да яго шчок, і праказаў: «З шчаслівым прыездам».

Нікалай Пятровіч пазнаёміў яго з Базаравым; Павел Пятровіч злёгку нахіліў свой гібкі стан і злёгку ўсміхнуўся, але рукі не падаў і нават паклаў яе ізноў у кішэню.

— Я ўжо думаў, што вы не прыедзеце сягоння, — загаварыў ён прыемным голасам, далікатна пахістваючыся, паторгваючы плячыма і паказваючы прыгожыя белыя зубы. — Хіба што на дарозе здарылася?

— Нічога не здарылася, — адказаў Аркадзій, — так, замарудзілі трохі. Затое мы цяпер галодныя, як ваўкі. Падгані Пракоф’іча, папаша, а я зараз вярнуся.

— Пачакай, я з табой пайду, — ускрыкнуў Базараў, раптоўна ўсхопліваючыся з канапы. Абодва маладыя чалавекі вышлі.

— Хто гэта? — спытаўся Павел Пятровіч.

— Прыяцель Аркашы, вельмі, паводле яго, слоў, разумны чалавек.

— Ён у нас гасціць будзе?

— Але.

— Гэты валасаты?

— Ну, але.

Павел Пятровіч пастукаў пазногцямі па стале. — Я лічу, што Аркадзій s’est dèg urdi[2], — заўважыў ён. — Я рад, што ён вярнуўся.

За вячэраю гутарылі мала. Асабліва Базараў амаль нічога не гаварыў, але еў шмат. Нікалай Пятровіч расказваў розныя выпадкі з свайго, як ён казаў, фермерскага жыцця, гаманіў пра ўрадавыя меры, якія маюцца быць, пра камітэты, пра дэпутатаў, пра неабходнасць заводзіць машыны і т. д. Павел Пятровіч павольна пахаджаў узад і ўперад па сталовай (ён ніколі не вячэраў), зрэдку адсёрбваючы з чаркі, напоўненай чырвоным віном, і яшчэ радзей падаючы якую-небудзь заўвагу альбо хутчэй выгук, накшталт «а! эгэ! гм!». Аркадзій паведаміў некалькі пецербургскіх навін, але ён адчуваў невялікую няёмкасць, тую няёмкасць, якая звычайна авалодвае маладым чалавекам, калі ён толькі што перастаў быць дзіцём і вярнуўся ў месца, дзе прывыклі

  1. Поціск рукі.
  2. Стаў развязны.